Skip to main content

20-годдзе беатыфікацыі назарэтанак-мучаніц адзначылі ў Навагрудку

nv beat 125 сакавіка ў Навагрудку адзначалася 20-годдзе беатыфікацыі 11 назарэтанак, мучаніц часоў ІІ Сусветнай вайны. Законніцы аддалі сваё жыццё ўзамен за ўратаванне 120 чалавек, узятых у палон гестапа.

Урачыстая Імша адбылася ў тым самым касцёле, куды сёстры кожны дзень прыходзілі на малітву. Белая Фара стала месцам захоўвання рэліквій назарэтанак, забітых нацыстамі, і мэтай шматлікіх пілігрымак.

Сёння гэтая святыня з’яўляецца санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, мучаніц з Навагрудка.

Эўхарыстыю ў інтэнцыі хутчэйшай кананізацыі мучаніц узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Кажучы пра назарэтанак, іерарх адзначыў, што да прынясення ахвяры свайго жыцця яны рыхтаваліся ў Навагрудку, а схілілі іх да гэтага гераічнага рашэння глыбокае духоўнае жыццё і адносіны з Богам, якія яны штодзённа паглыблялі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Біскуп падкрэсліў, што для сучасных людзей гэтыя мучаніцы з’яўляюцца прыкладам, якія прыярытэты ў жыцці трэба абіраць, каб кожны мог дасягнуць шчаслівай вечнасці.

Сёстры з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта былі расстраляны ў Батароўскім лесе 1 жніўня 1943 года.

Назарэтанкі аддалі сваё жыццё, каб выратаваць 120 чалавек, пераважна бацькаў сем’яў, і кс. Аляксандра Зянкевіча. Мучаніц за веру беатыфікаваў 5 сакавіка 2000 г. на плошчы св. Пятра ў Рыме Папа Ян Павел ІІ.

Кс. Юрый Марціновіч