7 сакавіка ў парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) прайшоў майстар-клас па маляванні пад кіраўніцтвам мастачкі Надзеі Бука. На сустрэчу былі запрошаны дзеці ад 6 да 14 гадоў.
Мерапрыемтва распачалося супольнай малітвай, якую ўзначаліў і даручыў Богу час гэтай сустрэчы вікарый парафіі кс. Андрэй Бялаблоцкі.
Дзецям было прапанавана намаляваць незвычайнага анёла, які з выгляду павінен быў быць падобным да самога маладога мастака.
Надзея дакладна тлумачыла дзецям кожны крок малявання, дапамагала і раіла. Ніхто з удзельнікаў не застаўся без увагі. Напрыканцы занятку кожнае дзіця атрымала памятны падарунак ад мастачкі.
“Кожны раз, калі я прыязджаю ў тую ці іншую парафію з майстар-класамі, адчуваю вялікую радасць за тое, што магу перадаць дзецям тое, што ўмею рабіць найлепей – маляваць! Дзеткі з Альшанкі вельмі ўразілі мяне сваёй шчырасцю і адданасцю! Іх анёлкі атрымаліся вельмі падобнымі да іх саміх, і гэта сапраўдны цуд! Спадзяюся, што гэта сустрэча была для іх карыснай, бо я сама вельмі натхняюся малюнкамі дзяцей. Дзякую Богу за тое, што Ён дае мне магчымасць распавядаць пра веру праз мастацкія вобразы і сімвалы!” – дзеліцца сваімі ўражаннямі Надзея.
Няхай жа прыгажосць дзіцячых душаў, пралітая на паперу, прыносіць радасць як мага большай колькасці людзей і адкрывае свет, так часта незаўважны для вока дарослага чалавека.
С. Вікторыя Галуза