Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Дарагія дыяцэзіяне!
У Касцёле на Беларусі трывае пастырскі год, прысвечаны асобе і навучанню св. Яна Паўла ІІ. З гэтай нагоды мы засяродзім увагу на выбраных фрагментах папскіх пасланняў на Вялікі пост з розных гадоў яго пантыфікату. Няхай словы Вялікага Папы, якія пачуем, дапамогуць нам плённа перажыць час велікапоснага пакаяння і навяртання.
“Вялікі пост – гэта час праўды. Сапраўды, закліканы Касцёлам да малітвы, пакаяння і посту, да ўнутранага і знешняга спусташэння з сябе, хрысціянін становіцца перад Богам і прызнае сябе такім, якім ён ёсць, адкрывае сябе нанова.
«Памятай, чалавек, што ты прах і ў прах вернешся». Памятай, чалавек, што ты пакліканы да іншых рэчаў, чым гэтыя зямныя і матэрыяльныя даброты, якія могуць адвесці ад таго, што істотнае. Памятай, чалавек, пра тваё галоўнае пакліканне: ты паходзіш ад Бога і вяртаешся да Бога з перспектывай уваскрасення, якое з’яўляецца шляхам, вызначаным Хрыстом” (1981).
“У час Вялікага посту ўсе мы павінны з асаблівай увагай глядзець на Крыж, каб нанова зразумець яго сутнасць. Мы не можам бачыць у ім толькі напамін пра падзеі, якія адбыліся каля дзвюх тысяч гадоў таму. Мы павінны разумець навуку Крыжа так, як ён звяртаецца да нашых часоў, да сённяшняга чалавека: «Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі» (Гбр 13, 8). У Крыжы Езуса Хрыста выяўляецца рашучы заклік […] да навяртання: «Навяртайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15). I гэты заклік мы павінны прыняць як скіраваны да кожнага з нас і да ўсіх асаблівым чынам з нагоды перыяду Вялікага посту. Перажываць Вялікі пост – значыць навярнуцца да Бога праз пасрэдніцтва Езуса Хрыста.
Сам Хрыстус паказвае нам у Евангеллі багатую праграму навяртання. Хрыстус, а пасля Яго Касцёл, прапануе нам таксама ў час Вялікага посту сродкі, якія служаць гэтаму навяртанню. Гаворка ідзе найперш пра малітву, потым пра міласціну і пост. Трэба прыняць гэтыя сродкі і ўвесці іх у жыццё ў адпаведнасці з патрэбамі і магчымасцямі чалавека і хрысціяніна нашых часоў. Малітва застаецца заўсёды першай і асноўнай умовай набліжэння да Бога. У час Вялікага посту мы павінны маліцца, павінны намагацца маліцца больш; шукаць час і месца, каб маліцца. Менавіта малітва перш за ўсё пасадзейнічае таму, каб мы пазбавіліся абыякавасці, і зробіць нас чулымі да спраў Бога і душы. Малітва выхоўвае таксама наша сумленне, а Вялікі пост з’яўляецца часам асабліва спрыяльным да абуджэння і выхавання сумлення. Касцёл нагадвае нам менавіта ў гэты перыяд пра моцную неабходнасць сакрамэнтальнай споведзі, каб мы ўсе маглі перажываць уваскрасенне Хрыста не толькі ў літургіі, але таксама ў нашай уласнай душы.
Міласціна і пост як сродкі хрысціянскага навяртання і пакаяння цесна злучаны паміж сабой.
Пост азначае панаванне над сабой; азначае стаўленне патрабавальнасці адносна сябе, гатоўнасць да адмаўлення ад рэчаў, і не толькі ад ежы, але таксама і ад раскошы і розных прыемнасцяў. А міласціна […] азначае гатоўнасць дзяліцца з іншымі радасцямі і смуткам, дапамагаць бліжняму, асабліва патрабуючаму; дзяліцца не толькі матэрыяльнымі дабротамі, але і дарамі духу. І менавіта з гэтай прычыны мы павінны адкрывацца на іншых, адчуваць розныя іх патрэбы, цярпенні, няшчасці і шукаць сродкаў – не толькі ў тым, чым валодаем, але найперш у нашых сэрцах, у нашым спосабе паводзін і дзейнасці – для забеспячэння іх патрэбаў або палягчэння ў іх цярпеннях і нядолі.
Сапраўды, навяртанне да Бога праз малітву злучаецца са зваротам да чалавека. Будучы патрабавальнымі да сябе і велікадушнымі да бліжніх, мы канкрэтным і адначасова грамадскім спосабам выражаем наша навяртанне” (1979).
“Наша стаўленне да бліжняга з’яўляецца падставовай рэччу. Кажучы «бліжні», я маю на ўвазе, безумоўна, тых, хто жыве побач з намі ў сям’і, у вёсцы і горадзе. Але адносіцца гэта таксама да тых, каго сустракаем на працы, да тых, якія пакутуюць, хварэюць, перажываюць самотнасць і з’яўляюцца сапраўды беднымі. Мае бліжнія – гэта таксама людзі, геаграфічна вельмі далёкія: бежанцы са сваёй айчыны, людзі без працы, без ежы і адзення, а часта пазбаўленыя свабоды. […]
Дзяленне – гэта абавязак, ад якога не могуць ухіляцца людзі добрай волі, а асабліва вучні Хрыста.
Формы гэтага дзялення могуць быць самыя разнастайныя: ад дабравольнага служэння, якое спаўняецца з годнай Евангелля спантаннасцю, ад шчодрых і не толькі аднаразовых дароў, якія паходзяць з таго, чаго ў нас вельмі шмат, а часам і з таго, што нам самім патрэбна, і да працы, якую даем беспрацоўнаму ці таму, які блізкі ўжо да страты ўсялякай надзеі” (1983).
“Існуе таксама іншае ўбоства, такое ж пагрозлівае: яно заключаецца ў адсутнасці не матэрыяльных сродкаў, а духоўнага пасілку, адказу на найважнейшыя пытанні, надзеі на будучыню. Гэтае ўбоства духу з’яўляецца прычынай вельмі моцных пакутаў. Мы на ўласныя вочы бачым наступствы, часта трагічныя, жыцця, пазбаўленага сэнсу. Гэтая форма беднасці праяўляецца асабліва ў тых месцах, дзе чалавек жыве ў дабрабыце, можа заспакоіць свае матэрыяльныя патрэбы, але пазбаўлены духоўных указальнікаў. Гэта пацвярджаюць словы Хрыста ў пустыні:
«Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Mц 4, 4). У глыбіні сэрца чалавек шукае сэнсу, патрабуе любові.
На гэтую форму ўбоства трэба адказаць абвяшчэннем – тым, пра якое сведчаць учынкі, – Евангелля, якое збаўляе, якое асвятляе нават цемру цярпення, бо прыносіць Божую любоў і міласэрнасць. Голад, які мучыць чалавека, – гэта на самой справе голад па Богу: без суцяшэння, якое Ён дае, чалавек пакінуты самому сабе, церпіць убоства, бо пазбаўлены крыніцы сапраўднага жыцця” (1998).
“Жадаю, каб сем’і ўсвядомілі найперш, на чым засноўваецца іх місія ў Касцёле і ў свеце. […] Сям’я – гэта першае і прывілеяванае асяроддзе выхавання, практыкі братэрскага жыцця і разнастайных форм любові і салідарнасці. Жыццё ў сям’і вучыць адкрытасці, дабрыні і павазе да бліжняга, які павінен заўсёды знаходзіць у нашым сэрцы належнае месца. Жыццё ў супольнасці схіляе таксама дзяліцца дабротамі, што дазваляе чалавеку выйсці па-за ўласны эгаізм. Калі мы вучымся дзяліцца і даваць, адкрываем велізарную радасць, якую дазваляе спазнаць супольнасць дабротаў. Выхоўваючы словам і прыкладам, бацькі павінны паступова фарміраваць у сваіх дзецях стаўленне салідарнасці. Гэта дазволіць кожнаму ўжо ў дзяцінстве перажыць досвед адмаўлення і посту, што загартоўвае характар і вучыць панаваць над інстынктамі, асабліва над эгаістычным інстынктам валодання. Тое, чаму мы вучымся дзякуючы жыццю ў сям’і, захоўваецца ў нас на ўсё жыццё.
У гэты асабліва цяжкі перыяд, які перажывае наш свет, няхай сем’і – па прыкладзе Марыі, якая спяшаецца з дапамогай сваёй сваячцы Альжбеце, – адкрываюцца на патрэбы ўбогіх братоў і ўдзяляюць ім дапамогу, як матэрыяльную, так і духоўную! […]
Не будзем закрываць сёння нашы сэрцы, а будзем слухаць голас Хрыста і голас людзей – нашых братоў! Няхай учынкі міласэрнасці, якія здзяйсняюцца ў перыяд Вялікага посту сем’ямі і для сем’яў, стануць для ўсіх крыніцай глыбокай радасці і адкрыюць сэрцы на прыйсце ўваскрослага Пана!..” (1994)
Дарагія браты і сёстры! Жадаю вам глыбокага і плённага перажывання прыгожага перыяду Вялікага посту, атуляю вас сваёй малітвай, даручаю апецы і заступніцтву Марыі, Маці Міласэрнасці, і з сэрца ўсіх благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Пастрыскі Ліст трэба прачытаць падчас Святых Імшаў ва ўсіх касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі 01.03.2020 г.
Гродна, 24.02.2020 № 82/20
Версія для друку.
Версія на польскай мове.