24-25 лютага адбылася фармацыйная сустрэча для святароў Гродзенскай дыяцэзіі ад 1 да 8 гадоў святарства. Яна прайшла ў рэкалекцыйным доме пры парафіі св. Міхала Арханёла ў Навагрудку.
Сустрэча была прысвечана тэме Святога Пісання і яго ўзнёслай ролі ў жыцці Касцёла і кожнага чалавека.
У межах мерапрыемства святары выслухалі лекцыi кс. доктара Валерыя Марціноўскага ў Віцебскай дыяцэзіі “Каталіцкая інтэрпрэтацыя Святога Пісання. Як не рабіць памылак, або што гаворыць Бог праз Біблію свайму народу”. Святар прапанаваў прысутным яшчэ раз усвядоміць, што Святое Пісанне – не звычайная кніга. Сам Бог, які з’яўляецца яго аўтарам, выкарыстаў пры яго стварэнні пэўных людзей, каб перадаць чалавеку частку праўды пра Сябе і пра свет.
Таму, чытаючы Святое Пісанне, якое мае панадчасовае вымярэнне і пастаянна ажыўляецца Духам Святым, як падкрэсліў кс. Марціноўскі, трэба таксама адкрываць уласнае жыццё.
Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што сённяшняму свету патрэбныя святары, адданыя свайму штодзённаму служэнню, святары святыя, якія словам і ўчынкам будуць паказваць Бога, багатага на міласэрнасць.
Біскуп пажадаў удзельнікам сустрэчы, каб час Вялікага посту спрыяў таму, каб людзі ў асобе святара бачылі найперш пастыра, які клапоціцца пра давераную яму аўчарню.
Іерарх падзякаваў сабраным за ўдзел у сустрэчы, якая патрэбная для будавання святарскага адзінства, а таксама выказаў удзячнасць кс. Яну Сарэлу, мадэратару, адказнаму за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі, за арганізацыю гэтага мерапрыемства.
Кс. Юрый Марціновіч