У снежні выйшаў у свет зборнік па навукова-тэалагічнай праблематыцы “Studia Theologica Grodnensia”, выдадзены Гродзенскай дыяцэзіяй. Гэта ўжо 13-е выданне, якое змяшчае прафесійныя працы аўтараў, што з’яўляюцца вядучымі спецыялістамі ў сваіх галінах навукі.
У мінулым годзе Гродзенская дыяцэзія ўзносіла малітвы падзякі і аб’ядноўвалася са сваім пастырам біскупам Аляксандрам Кашкевічам ў радасным святкаванні ягонага юбілею – 70-годдзя з дня нараджэння. Сімвалічным дарам для высокашаноўнага юбіляра стаў бягучы нумар “Studia Theologica Grodnensia”.
Taму штогоднік пачынаецца з артыкула кс. д-ра Віталя Сідоркі, у якім ён прадстаўляе чытачам біяграфію біскупа Кашкевіча, Гродзенскага ардынарыя. Артыкул адкрывае шмат цікавых і малавядомых фактаў, якія адносяцца да розных перыядаў жыцця іерарха, а таксама паказвае галоўныя кірункі яго пастырскага служэння ў нашым лакальным Касцёле.
У зборніку можна знайсці цікавыя артыкулы святароў з Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з замежжа, і свецкіх людзей.
Артыкулы прысвечаны праблематыцы духоўнасці, аналізу вучэння выдатных тэолагаў, біблейскай праблематыцы, дагматычнай і маральнай тэалогі, літургіцы, праблемам педагогікі, новай евангелізацыі і многім іншым цікавым тэмам.
Рэдакцыйная калегія разлічвае, што гэты зборнік знойдзе сваіх чытачоў сярод шматлікіх зацікаўленых асобаў i будзе заахвочваннем да навуковай актыўнасці ў сферы пазнання тэалагічнай праўды духавенствам і свецкімі вернікамі, якім важная праблематыка жыцця паўсюднага і мясцовага Касцёла.
Рэдакцыйная калегія таксама заахвочвае да супрацоўніцтва ўсіх, хто жадаў бы падзяліцца з шырокай грамадскасцю здабытымі ведамі, вынікамі ўласнага aналізу і навуковых даследаванняў.
Зборнік навуковых артыкулаў “Studia Theologica Grodnensia” заснаваны ў 2007 г. Iніцыятарам дадзенага навуковага выдання – першага такога роду як у Касцёле на Гродзеншчыне, так і ў Касцёле ў Беларусі, – з’яўляецца біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Зборнік можна набыць у сакратарыяце біскупскай курыі ў Гродне (вул. Карла Маркса, 4).
Кс. Юрый Марціновіч