
Удзельнікаў парафіяды прывітаў таксама Дырэктар Таварыства “Парафіяда” ў Варшаве, а потым – сп. Марыя Куель, каардынатар усходніх праграм Таварыства. З гаміліяй звярнуўся да прысутных кс. Раман Катлімоўскі, які заўважыў, што “святыня насычана культурай духа. Яна вучыць нас казаць “дзякуй”, “прабачце”. Святар нагадаў, што гэта менавіта кс. біскуп Аляксандр першым у 1986 годзе змясціў у віленскім касцёле, дзе быў пробашчам, абраз Езуса Міласэрнага. Звяртаючыся да дзяцей і моладзі, кс. Раман сказаў: “Вы патрэбны Езусу і біскупу, каб Касцёл быў прыгожы! Езу, давяраю Табе – гэты заклік надасць сэнс нашай парафіядзе”. Напрыканцы св. Імшы быў вынесены сцяг парафіяды, а Дырэктар Таварыства “Парафіяда” ў Варшаве ўрачыста адкрыў III Парафіяду дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.