Skip to main content

Маці алюмнаў у семінарыі

З 17 па 19 чэрвеня ў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю на малітоўнае чуванне прыехалі маці нашых клерыкаў. Сталася ўжо традыцыяй тое, што кожны год падчас канікулаў маці ўсіх алюмнаў збіраюцца на супольную малітву, могуць пазнаёміцца з жыццём семінарыі, а таксама пазнаць адміністрацыю і пазнаёміцца паміж сабой.

Пад духоўным кіраўніцтвам духоўных айцоў з семінарыі маці алюмнаў у гэтыя дні маліліся, каб верна суправаджаць сваіх сыноў на шляху да святарства. Рэкалекцыі распачаліся ў пятніцу ўвечары супольнай малітвай і знаёмствам. У суботу разам з выхаваўцамі маці наведалі санктуарый у Капцёўцы, дзе кс. Міхал Ластоўскі, кусташ санктуарыя, расказаў пра гісторыю гэтага святога месца.

Потым была адпраўлена св. Імша, якую ўзначаліў кс. прэфект Ян Радзюк, а пасля Эўхарыстыі ўсе ўдзельнічалі ў Крыжовым шляху вакол касцёла, разважаючы пакуты і смерць Хрыста. Пасля абеду ўсе адправіліся ў Пабрыгіцкі касцёл, каб разам памаліцца і наведаць парафіяльны музей. У нядзелю, на заканчэнне рэкалекцый, пад кіраўніцтвам кс. рэктара Юзафа Станеўскага ў катэдры была адпраўлена св. Імша. Падчас яе кс. рэктар звярнуўся да вернікаў з просьбай аб малітве за семінарыю і новыя шматлікія пакліканні, а таксама падзякаваў усім за духоўную і фінансавую падтрымку навучальнай установы.

Падчас канікулаў свае рэкалекцыі будуць таксама перажываць міністранты. А ў семінарыі ўжо распачаўся прыём дакументаў на першы год навучання. Заахвочваем усіх да малітвы, каб як мага больш маладых людзей пачула голас Хрыста.