24 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін святога біскупа Жэневы Францішка Сальскага, які з’яўляецца апекуном Салезіянскай сям’і. Лагодны характар святога, любоў да бліжніх і прыемныя, нібы мёд, словы з амбоны паспрыялі таму, што традыцыя пачала яго называць “мядовы доктар”.
У парафіі св. Арханёла Міхала ў Смаргоні, дзе служаць айцы салезіяне і сёстры салезіянкі, у гэты дзень адбыўся “Мядовы фэст”, які ўжо стаў традыцыйным.
Як і належыць сапраўднаму святу, усё распачалося з Эўхарыстыі. У парафіяльнай святыні сабраліся вернікі, каб дзякаваць Богу за такога магутнага заступніка, а таксама атрымаць праз малітву святара благаслаўленне мёду. Пробашч кс. Алег Жураўскі SDB у гаміліі наблізіў да прысутных асобу св. Францішка Сальскага, распавёўшы пра акалічнасці яяго жыцця, яго мудрасць, спадчыну, якую пакінуў святы сваім духоўным дзецям – трактат “Філатэя”.
Святар звярнуў увагу вернікаў на тое, што мудрасць, уменне прамаўляць, знаходзіць патрэбныя для кожнай душы словы нарадзіліся ў св. Францішку не самі па сабе, а дзякуючы таму, што ён ведаў Божае слова, і не проста ведаў, а жыў ім. Напярэдадні Нядзелі Божага слова, якую ў гэтым годзе Каталіцкі Касцёл адзначае ўпершыню, кс. Алег Жураўскі пажадаў вернікам па прыкладу св. Францішка узрастаць у старанным пазнанні Святога Пісання.
Напрыканцы Імшы адбылося благаслаўленне мёду праз заступніцтва св. Францішка Сальскага, каб гэты салодкі прадукт стаў сапраўднымі лекамі для цела і душы вернага люду. Затым адбылося благаслаўленне пчаляроў – людзей, якія старанна працуюць, каб на сталах з’явіўся гэты падарунак Бога і пчалы.
Святы Францішак Сальскі вучыў, што святасць магчымая для кожнага, не толькі для святара ці біскупа. Пабожнае жыццё можа весці кожны, але яно рознае ў сястры законнай, у гаспадыні дома, у пробашча, біскупа, пчаляра… І так павінна быць. Ненармальна, калі гаспадыня ўвесь час моліцца або біскуп забывае пра свае абавязкі кіраўніка дыяцэзіі. Кожны чалавек павінен “квітнець там, дзе яго пасадзілі”, павінен старанна працаваць у сваім вуллі. Гэтыя думкі святога натхнілі членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў пры распрацоўцы сцэнарыя “Мядовага фэсту” – свята для пчаляроў, для звычайных людзей, для людзей, кожны з якіх ідзе сваёю дарогай у Божае Валадарства.
На “Мядовым фэсце” вернікі пазнаёміліся з пчалярамі, мелі магчымасць адпачыць і павесяліцца. Таксама пчаляры прапанавалі усім прысутным мёд для дэгустацыі. Па выніках дэгустацыі вылучыліся пераможцы, якія атрымалі памятныя падарункі ад пробашча і членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў. Але ў гэты вечар ніхто не быў пераможаны, вельмі розныя людзі аб’ядналіся ў супольнай радасці, супольнай надзеі – надзеі калісьці дасягнуць Неба
Наталля Субко, старшыня Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў