Skip to main content

Удзельнікі рэкалекцый па распазнанні паклікання дзеляцца ўражаннямі

paklikannia rek 56З 3 па 5 студзеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся рэкалекцыі па распазнанні паклікання для юнакоў. На працягу няпоўных трох дзён маладыя людзі з дапамогаю святароў і семінарыстаў разважалі над сваім жыццёвым шляхам.

Духоўныя практыкаванні, у якіх удзельнічала больш за 60 чалавек, прайшлі пад дэвізам “Хлопча, кажу табе, устань!” (Лк 7, 14).

Сваімі ўражаннямі і тым, што яны для сябе адкрылі, дзеляцца ўдзельнікі сустрэчы.

 

Юрый Пяржынскі, парафія Святога Духа ў Гродне

Piarzynski

Гэтыя рэкалекцыі сталі для мяне ўжо чацвёртымі. Больш за ўсё спадабаліся размовы з семінарыстамі. Цешуся таксама, што падчас рэкалекцый атрымалася пачуць адказы на свае пытанні наконт паклікання, а таксама тлумачэнне некаторых момантаў, звязаных з літургічнай службай пры алтары.

Рэкалекцыі па распазнанні паклікання добрыя тым, што ў першую чаргу тут мы разважаем над тым шляхам, які падрыхтаваў для кожнага з нас сам Бог, а не тым, які мне здаецца самым лепшым і непахісным; разважаем і стараемся зразумець тую сцежку Пана, на якой кожны будзе шчаслівы.

 

Павел Догель, парафія Божай Міласэрнасці ў Лідзе

Dogiel

Напэўна, першай мэтай майго прыбыцця на рэкалекцыі было пазнаёміцца з ладам семінарыйнага жыцця, паслухаць голас Бога і паяднацца з Ім у цішы семінарыйнай капліцы, у самым сэрцы роднай дыяцэзіі. 

На гэтых рэкалекцыях, напэўна, кожны пачуў і ўзяў штосьці для сябе, дзякуючы вельмі цікавым канферэнцыям, размовам, шматлікім сустрэчам. 

Атмасфера ў семінарыі вельмі лагодная і сяброўская. Думаю, кожны міністрант хацеў бы пабачыць месца, у якім праходзяць фармацыю будучыя святары. І на гэтых рэкалекцыях, верагодна, гэтая мара здзяйсняецца.

Гэты год прысвечаны святому Папу Яну Паўлу II, вельмі блізкаму ўсяму Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі. Гэта сапраўдны сябра моладзі, і разважанні паводле яго, малітвы праз яго заступніцтва прынеслі вялікі плён усім нам.

 

Ян Гаўрылюк, парафія св. Вацлава ў Ваўкавыску

Gawryluk

Сучасныя маладыя людзі маюць не надта шмат вольнага часу. Рекалекцыі – гэта вельмі добры час для таго, каб зрабіць перапынак у сваім жыцці. Яны дапамагаюць маладому чалавеку палюбіць Пана Бога і ўмацаваць сваю веру. Паколькі на рекалекцыях я быў першы раз, мне спадабалася малітоўная атмасфера ў семінарыі. Сцены семінарыі прасякнуты малітвай. Я змог паразмаўляць з семінарыстамі і святарамі, а таксама знайсці адказы на пытанні, якія вельмі моцна цікавілі мяне. 

Падчас рэкалекцый я даведаўся шмат новага з жыцця св. Яна Паўла ІІ. Гэты год у Касцёле на Беларусі прысвечаны гэтаму святому, які і стаў апекуном гэтых рэкалекцый. 

У будучыні хацелася б пачуць больш інфармацыі пра жыццё вялікіх святых, пра тое, як яны пераносілі ўсе цяжкасці, якія былі на іх жыццёвым шляху.

Падрыхтаваў Андрэй Юхнік