7 студзеня ў парафіяльным касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Парэччы (дэканат Гродна-Усход) адбылася святая Імша ў інтэнцыі с. Юзэфы Памаранскай з Кангрэгацыі Дачок Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі (сарцанкі) у 30-ы дзень пасля яe смерці.
Эўхарыстыю з удзелам святароў, сясцёр законных, вернікаў і родных спачылай узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Прысутныя супольна маліліся аб дары вечнага жыцця для спачылай, якая ў памяці тых, хто яе ведаў, застанецца як законніца, якая любіла Бога, бліжняга і малітву.
Біскуп Кашкевіч падзякаваў усім за дар супольнай малітвы ў інтэнцыі памерлай, выказаў таксама падзяку законнай сям’і, да якой яна належала, за шматгадовае супрацоўніцтва.
Сястра Юзэфа Памаранская нарадзілася 20 кастрычніка 1928 г. на Украіне. Больш за 30 гадоў служыла біскупу Гродзенскаму, з таго часу, як ён быў пробашчам у парафіі Святога Духа ў Вільні. З моманту стварэння Гродзенскай дыяцэзіі ў 1991 г. сястра Юзэфа разам з біскупам Кашкевічам прыбыла ў Гродна і да самага канца служыла яму ў біскупскім доме, спаўняючы хатнія абавязкі.
Памерла 7 снежня, у вігілію патранальнай урачыстасці сваёй законнай супольнасці і гадавіну яе заснавання. Пахаванне адбылося 10 снежня. Цела памерлай сястры былo пахавана на могілках у Парэччы.
Кс. Юрый Марціновіч