З 3 па 5 студзеня ў кляштары Kангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Навагрудку адбыліся рэкалекцыі для дзяўчат.
Сустрэча былa прысвечана тэме “Таямніца Божага Нараджэння ажыццяўляецца ўва мне, калі Хрыстус нараджаецца ў маім сэрцы”.
Рэжым дня духоўных практыкаванняў быў прыстасаваны да звычак моладзі. Штодня праводзіліся адарацыя, святая Імша, супольная малітва, асаблівая ўвага ўдзялялася канферэнцыям: прысутныя разважалі пра звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі, пра Яе пакору, a таксама пра манаскае пакліканне, пра сапраўдную радасць. Кожны ўдзельнік мог ананімна напісаць пытанне, якое яго хвалюе, і атрымліваў адказ.
У любую хвіліну дзяўчаты былі занятыя: слухалі ксяндза Дзмітрыя Леўчыка на канферэнцыях, у групах абмяркоўвалі хвалюючыя іх тэмы, гулялі ў вясёлыя гульні разам з сёстрамі, дапамагалі ім мыць посуд, накрывалі на стол.
Былі гадзіны як заняткаў, так і вольнага часу: дзяўчаты глядзелі фільмы, чыталі Божае Слова і разважалі над ім, слухалі музыку, малявалі, гулялі па Навагрудку. Некаторыя былі ў капліцы, размаўлялі з Езусам.
На пачатку канферэнцый кожная ўдзельніца, у тым ліку сёстры, расказала пра тое, чаго яна жадае ад гэтага часу, пра мэты, якіх жадае дасягнуць на рэкалекцыях, пра тое, што зробіць для іх дасягнення. Усе хацелі паглыбіць сваю веру ў Бога, зблізіцца з Ім праз адарацыі, споведзь, Найсвяцейшы Сакрамэнт, малітвы, знасці новых сяброў.
Гэты час пакінуў у сэрцах дзяўчат прыемныя ўспаміны, і яны спадзяцца, што змогуць сустрэцца і на чарговых рэкалекцыях у сясцёр назарэтанак. Падобныя рэкалекцыі сёстры арганізуюць чатыры разы ў год.
Марыя Кароль
Фота: с. Лаўра Шукеловіч CSFN