З 28 снежня па 1 студзеня ў Вроцлаве (Польшча) праходзіла 42-я Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная супольнасцю з Тэзэ. Сваім досведам удзелу ў сустрэчы дзеліцца дзяўчына з Гродзенскай дыяцэзіі.
Мая прыгода з Тэзэ пачалася ў мінулым годзе з прапановы сяброўкі. “Ведаеш, у гэтым годзе сустрэча Тэзэ адбудзецца ў Мадрыдзе. Паехалі з намі!” – прапанавала яна. І ўжо праз паўгадзіны я адказала згодай. Тады я яшчэ не ведала, што мая згода апынецца паездкай на сустрэчу ў наступным годзе, але ўжо ў якасці валанцёркі.
Калі ў Мадрыдзе я пачула, што наступная сустрэча адбудзецца ў Вроцлаве, першай думкай было: “А можа, трошкі паваланцёрыць? Але ці захоча хтосьці паехаць са мной?” І гэтая думка засталася ў маёй галаве на доўгі 2019 год. Увесь гэты час я шукала інфармацыю, распытвала святароў, праглядала старонку Тэзэ ў інтэрнэце. Польскую мову я ведаю, даехаць да Вроцлава не выклікае вялікіх цяжкасцяў. Таксама мяне ўразілі словы Сяргея, галоўнага беларускага валанцёра, які сустрэў нашую групу ў Мадрыдзе, што ў Іспанію сёлета прыехалі толькі два валанцёры з нашай краіны. “Калі я магу чымсьці дапамагчы, чаму і не?” – урэшце вырашыла я. Але гэта было таксама цяжкае рашэнне, бо ніхто з маіх знаёмых не падтрымаў гэтую ініцыятыву. Але я ведала, што Бог накіроўвае мяне ў правільным накірунку.
Як вядома, удзельнікі прыязджаюць на сустрэчу 28 снежня. Валанцёрам жа трэба было быць на месцы ўжо 26 снежня. У Вроцлаве мяне зычліва сустрэлі беларускія валанцёры Сяргей і Ірына, якія адразу вытлумачылі ўсю працэдуру рэгістрацыі і мае абавязкі. Да іх адносіліся сустрэча лідараў груп, рэгістрацыя іх груп, тлумачэнне галоўных аспектаў і правіл прабывання на сустрэчы. Гэтая група працы называлася welcome.
У дарозе да парафіі, дзе мяне прыняла сям’я, я пазнаёмілася з дзяўчынай з Беларусі. Пазней нас разам пасялілі. У нашай гаспадыні мы пазнаёміліся яшчэ з дзвюма дзяўчынамі, якія таксама былі валанцёркамі з нашай краіны. Аказалася, што працаваць мы будзем таксама ў адной групе. Усяго з Беларусі прыехала пяць валанцёрак, але з Гродзенскай дыяцэзіі я была адна. Заўсёды буду здзіўляцца, якія цікавыя неспадзяванкі рыхтуе для нас Бог.
27 снежня мы мелі заняткі. Нас вучылі, як правільна запаўняць табліцы рэгістрацыі, тлумачылі, якую інфармацыю трэба данесці да лідараў груп. Адразу магло здавацца, што гэта зусім лёгка, але сустракаліся і свае цяжкасці. Але, пераадольваючы гэтыя цяжкасці адчуваеш нейкую палёгку, задавальненне, што дзякуючы тваёй працы нейкая група зможа добра правесці час на сустрэчы.
Акрамя нашай групы welcome, існавалі таксама іншыя групы валанцёраў: група itinerarium, якая займалася рассяленнем удзельнікаў па парафіях; група first welcome, дзе распавядалі прыбылым групам пра сустрэчу і адказвалі на іх пытанні; група цыркуляцыі, якая сустракала групы ўдзельнікаў і накіроўвала да патрэбных кабінетаў, і шмат іншых груп.
Гэты вопыт валанцёрства вельмі важны для мяне. Ты адчуваеш сябе часткай нечага грандыёзнага, неверагоднага. Здавалася б, кожны ахвяруе невялікі ўклад, але ўклад усіх аб’ядноўваецца ў адну вялікую справу. І што найважнейшае, кожны з нас можа дапамагчы. І не патрэбныя нейкія неверагодныя ўменні. Жаданне, мэтанакіраванасць і вера ў свае сілы – вось што галоўнае. Не будзе лішнім веданне англійскай мовы, бо на сустрэчы моладзі Тэзэ мы сустракаемся з рознымі краінамі, культурамі. Але, шчыра кажучы, я змагла справіцца і без яе.
Пазней былі малітвы ў духу Тэзэ, разважанні брата Алоіса, наведванне Вроцлава, іншыя сустрэчы і шмат-шмат цікавага. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Напрыканцы магу сказаць адно: нічога не бойцеся, Бог заўсёды з вамі. Нават калі вы адны, не адмаўляецеся ад сваіх ідэй, слухайце сваё сэрца, бо праз яго прамаўляе да нас Бог.
Кацярына Ненартовіч