У доме культуры ў Сапоцкіне была прадстаўлена калядная батлейка. Яе падрыхтавалі дзеці і моладзь мясцовай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча.
Прадстаўленне, прафесійна падрыхтаванае юнымі выканаўцамі, прапаноўвала шматлікім гледачам усвядоміць, што Бог жадае пасяліцца ў сэрцы кожнага чалавека і дасягае кожнага праз розныя жыццёвыя здарэнні.
Мэтай маладых артыстаў было данесці да прысутных тое пасланне, што кожны чалавек з’яўляецца сведкам Божага Нараджэння, калі адкрывае сваё сэрца таму, хто знаходзіцца ў патрэбе.
На заканчэнне да сабраных звярнуўся пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі. Святар падзякаваў дзецям і моладзі за прыгожае прадстаўленне, падрыхтаванае пад чуйным вокам законных сясцёр. Ён падкрэсліў, што вечар, праведзены ў доме культуры, стаў добрай евангелізацыяй усіх вернікаў, якія знайшлі час пабываць на гэтай батлейцы, а для саміх яе ўдзельнікаў стаў нагодай спазнаць відавочным чынам Божае дзеянне.
Kс. Юрый Марціновіч