“Цуды на Нараджэнне Хрыста” – так называлася каляднае прадстаўленне ў францішканскай парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне. Яго прэм’ера адбылася 28 снежня.
Дзеці, моладзь і іх бацькі вельмі актыўна рэпетыравалі на працягу ўсяго Адвэнту. Рэпетыцыі вельмі каштоўныя, бо падчас іх дзеці вучацца быць разам, падтрымліваць і разумець адзін аднаго. Так адбываюцца маленькія цуды спачатку ў сэрцах артыстаў, якія хочацца перадаць усім вакол.
Галоўны рэжысёр-пастаноўшчык і музычны кіраўнік гэтага праекту Алена Жэгала з дапамогай дзяцей перадала цуд Божага Нараджэння: гульня святла, песні і танцы самых маленькіх, аповед анёла пра нараджэнне Збаўцы з дапамогай тэатру ценяў...
Галоўным пасланнем для дзяцей, якія апынуліся ў калядную ноч на даху, было ўмець прабачаць, не звальваць віну на іншых, а ўмець прызнаваць свае памылкі і не баяцца казаць слова “прабач”, жыць дружна з тымі, хто побач, - і гэта так проста і цудоўна, гэта тое, чаго чакае Збаўца ад нас сёння.
С. Валерыя
Фота: Павел Ленартовіч