Skip to main content

Батлейку без ніводнай рэпетыцыі прадставілі ў Заневічах

zaniwiczy jaselka 4У найменшай парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, якая налічвае толькі 48 чалавек – парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Язафата ў Заневічах (дэканат Вялікая Бераставіца) – прадставілі батлейку.

Пастаноўку пра Божае Нараджэнне падрыхтавалі дзеці і моладзь – унукі і праўнукі вернікаў гэтай парафіі, што пражываюць зараз у іншых месцах. Такім чынам яны захацелі падарыць радасць невялікай парафіяльнай супольнасці.

Трэба падкрэсліць, што менавіта з гэтай парафіі паходзіць Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Ініцыятарам пастаноўкі батлейкі стала арганістка Ганна Станеўская, якая выслала словы праз вайбер дзецям і іх бацькам. Варта адзначыць, што гэтая батлейка адбылася без ніводнай рэпетыцыі.

Дзеці сапраўды дасканала ўвайшлі ў ролі і падарылі шмат добрых уражанняў сваім дзядулям і бабулям, а таксама найстарэйшым парафіянам – напрыклад, Тэрэсе Менцэль, якой сёлета споўнілася 100 гадоў, ці Тадэвушу Занеўскаму, якому 90 гадоў.

Тое, што парафія невялікая, не азначае, што там нельга нічога арганізаваць і няма нагодаў для радасці. Дзеці і моладзь, нягледзячы на тое, што ўжо не пражываюць пастаянна на тэрыторыі гэтай парафіі, паказалі, што можна, а нават і варта падтрымліваць сувязь са сваёй роднай старонкай, што нельга адрывацца ад сваіх каранёў.

Вернікі вельмі ўдзячныя дзецям і моладзі за гэтую прыгожую ініцыятыву і, як самі падкрэслілі, дзякуючы прадстаўленню сёлетнія святы атрымалі выключны характар. Яны сапраўды адчулі радасць і мір, які нясе людзям Божае Нараджэнне.

Кс. Юрый Марціновіч