Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Сёння, у свята Святой Сям’і, мы асабліва ўглядаемся ў Дзіцятка Езуса, як Ён узрастае пад чуйнай апекай сваіх бацькоў – Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Юзафа. Новае жыццё, кожнае дзіця з’яўляецца бясцэнным Божым дарам, які неабходна ахоўваць.
Святы Айцец Францішак сказаў: “Нямнога ёсць тых, хто змагаецца за абарону жыцця ў свеце, у якім з дня на дзень прадукуецца ўсё больш узбраенняў, у якім штодня прымаюцца ўсё новыя законы супраць жыцця, у якім штодня развіваецца культура адкідвання, пазбыцця таго, што здаецца непатрэбным і замінае” (Папа Францішак, Анёл Панскі, Рым, 04.02.2019).
У Нядзелю Святой Сям’і мы хочам асаблівым чынам падзякаваць усім тым, хто “змагаецца за абарону жыцця ў свеце”. Гэта Вы няпоўны год таму ва Ўрачыстасць Звеставання Пана прынялі цяжар “духоўнай адопцыі”, ахвяруючы свае малітвы і добрыя ўчынкі за ненароджаных дзяцей, якія знаходзяцца ў небяспецы смерці. Дзякуем Вам, што не былі абыякавымі да нашай просьбы і закліку да прыняцця такой формы змагання за ненароджанае жыццё.
У вышэй узгаданых словах Папа Францішак звярнуўся да сабраных вернікаў на плошчы святога Пятра ў Рыме. Ён хацеў нагадаць усім нам, што такое чалавечае жыццё, і як моцна яно сёння можа знаходзіцца пад пагрозай. Таму не спыняйцеся ў малітве, бо і надалей яна вельмі патрэбная ў свеце, у якім прымаюцца законы скіраваныя супраць жыцця і развіваецца культура адкідвання.
Няхай ва ўсіх стараннях, ініцыятывах, скіраваных на падтрымку сям’і і абарону жыцця, Вам спадарожнічае нашае пастырскае благаслаўленне, якое ад усяго сэрца ўдзяляем.
Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Антоні Дзям’янка, Біскуп Пінскі
Старшыня Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 16.12.2019 г.
Версія для друку.
Версія на польскай мове.
Паведамленне належыць абвясціць вернікам ва ўсіх святынях Беларусі у Нядзелю Святой Сям’і 29 снежня 2019 г.