Дарагія ў Хрысце Пану браты і сёстры! Любая моладзь!
У гэты святочны вечар з вялікай радасцю мы нанова паўтараем, вітаючы адзін аднаго: Хрыстус нарадзіўся – Бог аб’явіўся. І тлумачым: у горадзе Давіда нарадзіўся нам Збаўца Пан. Таму кожны з нас у гэты момант вандруе верай і думкай менавіта там, дзе Бог уваходзіць у гісторыю чалавека: стаўся нашым братам, нарадзіўшыся з Панны Марыі. Аб гэтым сведчаць пастушкі і Тры Каралі, якія першымі прывіталі Дзіцятка Езуса ў бэтлеемскіх яслях. Прывіталі, бо разпазналі ў Ім Месію, якога народ, абраны Панам Богам, чакаў стагоддзямі. І вось гэты момант, сустрэча чалавека са сваім Створцам. Вось момант, калі ў абдымках любові чалавек яднаецца з Богам; скажам, Бог дазваляе сябе прытуліць, каб чалавек больш не адчуваў сябе самотным і пакінутым.
Дарагія! Да гэтай сцэны, да Бэтлеема, на працягу стагоддзяў імкнуцца мільёны пілігрымаў, бо там Неба яднаецца з Зямлёй.
У свой час святы Францішак Асізскі ажывіў літару слова аб Божым Нараджэнні, наладзіўшы першую, на ўзор бэтлеемскіх ясляў, жывую батлейку на сваёй “малой радзіме” ў Грэчыо, што ў Італіі.
На гэтым месцы сёння знаходзіцца кляштар і санктуарый, дзе папа Францішак 1 снежня абвясціў свой Апостальскі ліст пад назваю Admirabile signum (“Цудоўны знак”), прысвечаны значэнню і каштоўнасці калядных батлеек. “Батлейка, – напісаў Пантыфік, – гэта як быццам жывое Евангелле. Яна паказвае нам пяшчоту Бога і тое, што Ён апускаецца да нашай мізэрнасці, батлейка дапамагае нам нанава перажыць тое, што адбывалася ў Бэтлееме, дае адчуць свой уласны ўдзел у гісторыі збаўлення, а таксама дазваляе перадаць праўду веры, якая кранае за душу і ўзрушвае”.
Браты і сёстры! Стала і нашай традыцыяй ладзіць святочныя дэкарацыі задоўга да свята. Вуліцы і плошчы нашай Радзімы зіхацяць гірляндамі і святочнымі віншаваннямі. Дзеці і моладзь цешацца першаму снегу і першай зорцы, усе мы цешымся, што дар міру, які прынёс на зямлю Нованароджаны Езус, з’яўляецца канструктыўным элементам нашага грамадства, бо нашыя продкі прынялі і здолелі адстаяць, захаваць і перадаць нам гэты Божы дар.
Сёння дзякуем ім за мір, жыццё і веру.
Любая моладзь! “Сэрца” батлейкі, па словах Пантыфіка, пачынае “біцца” толькі ў той момант, калі на Божае Нараджэнне ў ёй з’яўляецца фігура нованароджанага Дзіцяткі Езуса. Таму звяртаюся да вас, любая моладзь, хлопцы і дзяўчаты Беларусі, заклікам Езуса Хрыста: “Хлопча, кажу табе, устань”, – і ўдакладняю: адарвіся ад манітора і імкнення за кар’ерай, здабывання багацця і дабравольнай самотнасці; прыйдзі ў касцёл, сустрэнься з Богам, бо без тваёй прысутнасці не “ажыве батлейка” ў тваім парафіяльным касцёле. Больш за тое, без цябе не будзе Божага Нараджэння ў тваім сэрцы, а яно так патрабуе Бога, жыцця ласкай Пана, каб біцца для іншага чалавека. Абудзіся, устань, прыйдзі і пахіліся над адвечнай праўдай: Бог цябе любіць! Адчыні свае дзверы на заклік Хрыста Пана.
Умілаваныя!
Жадаю вам, каб вашае сэрца жыло Богам і “білася” для іншага чалавека. Няхай новы 2020 год ад Пана на нашай Бацькаўшчыне будзе і далей напоўнены мірам, дабрабытам і братняй любоўю.
Благаслаўлёных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2020 года!
Юзаф Станеўскі
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі
Гродна, Божае Нараджэнне 2019 г.