З 20 па 22 снежня вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) перажывалі адвэнтавыя рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Аляксандр Шупенька, пробашч парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове.
Тэмай рэкалекцый былі тры боскія цноты – вера, надзея і любоў. Кожны дзень быў прысвечаны адной з цнотаў.
Падчас канферэнцый кс. Аляксандр адзначыў, як важна передаць веру наступным пакаленням, і разважаў, чаму мы чакаем святаў Божага Нараджэння: “Надзея, якую Бог абяцаў (даць Месію), – яна споўнілася. Таму мы і чакаем кожны год Божае Нараджэнне. Да нас прыходзіць Збаўца, каб паяднаць чалавека з Богам, каб адчыніць дзверы ў Нябеснае Валадарства, каб чалавек мог вечна жыць з Богам у небе”.
Другі дзень рэкалекцый у парафіі быў днём споведзі, таму кожны мог прыступіць да сакрамэнту пакаяння і такім чынам годна падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння.
Скончыліся рэкалекцыі падзякай рэкалекцыяністу ад пробашча кс. каноніка Уладзіміра Гуляя, дзяцей і старэйшых вернікаў за прамоўленае кс. Аляксандрам слова.
Яна Чайко