20 снежня для супольнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі быў асаблівым днем. Увечары распачалася вігілійная вячэра, на якую прыбыло шмат гасцей, таксама былі прысутныяя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і ўсе, хто працуе ў семінарыі.
Пасля слоў прывітання біскуп Кашкевіч благаславіў аплаткі, а дыякан прачытаў урывак Евангелля аб нараджэнні Пана.
Пад спеў пастаралак усе прысутныя пачалі выказваць самыя цёплыя пажаданні адзін аднаму і дзяліцца аплаткамі.
Потым удзельнікі сустрэчы селі за вігілійны стол. У гэты час семінарысты распавядалі пра традыцыі святкавання Нараджэння Пана, якія маюць адлюстраванне і сёння. Ксёндз прэлат Ежы Лявінскі традыцыйна парадаваў гасцей сваімі спевамі і цікавымі апавяданнямі.
Семінарысты з кожнага курса мелі магчымасць прадставіць калядную песню для гасцей: на русскай, беларускай, польскай і англійскай мовах.
Вечар скончыўся благаслаўленнем, якое ўдзяліў біскуп Юзаф Станеўскі.
Aндрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч