15 снежня завяршыліся пятыя па ліку евангелізацыйныя курсы, распачатыя 5 кастрычніка.
Адметнасцю было тое, што гэтым разам працавалі дзве каманды аніматараў: адна па суботах пры касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса і святой Марыі ад Езуса Укрыжаванага ў Любчы, другая па нядзелях пры касцёле св. Міхала Арханёла ў Навагрудку.
У кожным з гэтых месцаў прайшло 11 сустрэч, кожная з якіх мела тры часткі.
Першая частка ўключала знаёмства, прывітанне, сустрэчу пры гарбаце, размовы. Другая — лекцыі па вызначаных тэмах: хто такі Езус, навошта Ён памёр, чаму і навошта чытаць Біблію, хто такі Дух Святы, як супрацьстаяць злу і інш. Трэцяя — маленькія групкі, у якіх кожны раз ішла дыскусія і абмеркаванне лекцыі.
Заняткі праходзілі ў свабоднай і нязмушанай форме, людзі цікавіліся, задавалі хвалюючыя пытанні, выказвалі свае меркаванні. Атмасфера была цёплая і добразычлівая. У нейкай ступені гэтая сардэчнасць, мабыць, і прыцягвала людзей на евангелізацыйныя курсы.
На заняткі А-курса ў Навагрудак прыязджалі таксама з Наваельні. Гэтыя пяць чалавек за апошнія два з паловай месяцы сталі вельмі блізкія навагрудчанам. Кожны раз удзельнікі хваляваліся, каб нічога не перашкодзіла і яны зноў прыехалі на курс. У цэлым на пяты па ліку Альфа-курс у Навагрудку і першы ў Любчы прыйшло каля 30 чалавек.
Запамінальным для слухачоў і выступоўцаў выдаўся сумесны ўікэнд, які, як і ў мінулы раз, быў праведзены ў Баранавічах у кляштары. Там былі разгледжаны яшчэ тры тэмы пра Святога Духа.
Не мае значэння веравызнанне людзей, якія наведвалі Альфа-курс, не важныя і сацыяльны статус, узрост, знешнасць. Адзінае, што важна, — гэта Бог і чалавек, такі, які ён ёсць.
Наступны, шосты па ліку Альфа-курс адбудзецца ва Уселюбе ў парафіі св. Казіміра, пачатак у сярэдзіне студзеня.
Такім чынам межы курсаў паступова пашыраюцца. Арганізатары спадзяюцца, што колькасць практыкуючых католікаў у навагрудскай і суседніх парафіях дзякуючы такім намаганням павялічыцца і калі яны дапамогуць нават аднаму чалавеку стаць сапраўдным хрысціянінам, гэта ўжо будзе вялікім дасягненнем і будзе даспадобы Езусу.
Кс. Юрый Жэгарын