Skip to main content

Семінарысты разам з дабрачынным таварыствам дораць радасць патрабуючым з нагоды надыходзячых святаў

karytas 610 снежня навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з духоўным айцом кс. Янам Сарэлам і супрацоўнікамі Рэлігійнай місіi “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі наведалі Дом міласэрнасці ў Камянцы.

Гэтым прытулкам для састарэлых і хворых людзей апякуецца Кангрэгацыя Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай).

Семінарысты падзяліліся з жыхарамі прытулка радасцю перажывання асаблівага часу ласкі, што вынікае з неспасцігальнай таямніцы Божага Нараджэння. Навучэнцы семінарыі сталі таксама сведкамі невымоўна складанай і ахвярнай працы, якую выконваюць сёстры і якая так неабходна для ўцелаўлення Божай міласэрнасці ў сучасным свеце.

Пасля Каменкі семінарысты накіраваліся ў Галавічполле, дзе сустрэліся з дзецьмі-інвалідамі, большасць з якіх — сіроты або тыя, ад каго адмовіліся бацькі.

Падчас сустрэчы семінарысты спрабавалі адарыць дзяцей любоўю і радасцю надыходзячага свята Божага Нараджэння.

У наступны дзень група семінарыстаў з прэфектам кс. Янам Раманоўскім наведалі сацыяльна-педагагічны цэнтр у Радуні, каб падзяліцца з дзецьмі радасцю перажывання светлага свята Нараджэння Пана.

Дзеці з нецярплівасцю чакалі гасцей і падрыхтавалі тэатральную пастаноўку для іх. Насычаная яркімі эмоцыямі і ўражаннямі атмасфера спрыяла таму, каб дзеці адчулі бязмежную любоў і цеплыню бацькоўскага дома і пранікліся радасцю надыходзячых святаў.

Aндрэй Юхнік

Фота: Антон Тышко, Aндрэй Юхнік