7 снежня ў Смаргоні адзначылі дзень нараджэння салезіянскага араторыя, які дзейнічае пры парафіі св. Міхала Арханёла.
Святкаванне распачалося Эўхарыстыяй.
Моладзь падрыхтавала да св. Імшы прыгожыя спевы і каментарыi, таксама на свяце прысутнічала вялікая група салезіянаў супрацоўнікаў. У літургічнай працэсіі былі прынесены да падножжа алтара дары.
Як паведамляе sdb.by, кожны год 8 снежня салезіянскія араторыі святкуюць дзень свайго нараджэння ў памяць гістарычнага здарэння, якое адбылося 8 снежня 1841 года. У сакрыстыю касцёла св. Францішка Асiзскага ў Турыне забег вулічны хлопец па імені Барталамей Гарэллі. У гэты час св. Ян Боско рыхтаваўся да цэлебрацыі Імшы. Сустрэча з юнаком, які нічога не ўмеў, акрамя як толькі свістаць, стала пачаткам будучага апостальства Яна Боско. Так нарадзіўся араторый: з аднаго хлопца і малітвы “Вітай, Марыя”.
Святкаванне з’яўляецца прыгожым момантам падзякі Богу за дар араторыя, дар салезіянскай харызмы і сэрца Дона Боско, якое заўсёды адкрыта для кожнага.
Пасля малітвы падзякi ў касцёле свята перамясцілася ў будынак араторыя. Спачатку аніматары звярнулі ўвагу сабраных на тое, што ніводны дзень нараджэння не абыходзіцца без торта. Аднак гасцям неабходна было самастойна знайсцi торт, праходзячы адмысловы квэст.
Падчас праграмы ўдзельнiкi выконвалi розныя заданнi, за праходжанне якiх атрымлiвалi падказкi. Дзякуючы падказкам госцi свята змаглi адшукаць салодкi падарунак.
Пасля заканчэння квэсту моладзь сабралася на салодкі стол i слоўка, падчас якога была прадстаўлена сцэнка, прысвечаная сустрэчы св. Яна Боско i Барталамея Гарэллі 8 снежня 1841 г. На завяршэнне свята сабраныя памаліліся традыцыйныя тры “Вітай, Марыя” і атрымалі благаслаўленне.