9 снежня парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе адзначала адпустовую ўрачыстасць тытулу касцёла.
Ва ўрачыстасці, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, прынялі ўдзел шматлікія святары і свецкія вернікі. Яны дзякавалі Богу за ўсе дары і ласкі, атрыманыя праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.
Вітаючы прысутных, пробашч парафіі кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі адзначыў, што Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца асаблівай Апякункай гэтай парафіяльнай супольнасці і што вернікі вельмі часта збіраюцца ў святыні на каленях менавіта перад фігурай Беззаганнай.
Біскуп Антоні Дзям’янка ў гаміліі нагадаў, што Маці Адкупіцеля была захавана ад таго, каб трапіць у грэх, а ўсе мы былі вызвалены з няволі граху. Маці Збаўцы, Святога над святымі, Пераможцы зла, была адорана ласкай адзінага паклікання – быць асвячанай, захаванай ад першароднага граху.
Іерарх падкрэсліў важнасць сям’і, якая павінна стаць месцам выхавання наступных пакаленняў.
Біскуп дадаў, што бацькі павінны навучыць дзяцей будаванню добрых адносін з Богам, што ў будучыні стане добрай асновай іх чалавечнасці.
Таму пастыр Пінскай дыяцэзіі звярнуў увагу на важнасць катэхезы і асабістага сведчання бацькоў. Ён папрасіў бацькоў, каб узорам выхавання дзяцей была для іх Панна Марыя, якая з вялікім самапрысвячэннем і адданасцю служыла сваёй сям’і.
Біскуп заклікаў усіх часта звяртацца да Панны Марыі ў патрэбах душы і цела, а асабліва тады, калі будзе ахопліваць сумненне ў выпадку цяжкіх грахоў, калі шатан будзе спрабаваць патапіць чалавека ў маладушнасці.
На заканчэнне ўрачыстасці іерарх удзяліў усім прысутным пастырскае благаслаўленне.
Кс. Юрый Марціновіч