Aдвэнт асацыюецца ў дзяцей з раратнімі Імшамі, падчас якіх яны збіраюцца ў касцёле часцей з самага ранку. У руках яны трымаюць лампадкі. Здаецца, што гэта час, найбольш любімы дзецьмі, якія з вялікай радасцю і ахвотай удзельнічаюць у малітве, каб разам з Найсвяцейшай Паннай Марыяй чакаць нараджэння Збаўцы.
Доказам гэтага з’яўляецца, напрыклад, парафія Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы. Шмат дзяцей збіраюцца ў парафіяльнай святыні разам з бацькамі і актыўна ўдзельнічаюць у раратняй Імшы. Кожны раз яны прыносяць Езусу добры ўчынак, які ўдалося зрабіць у апошні час. Такім чынам яны хочуць падрыхтаваць свае сэрцы да нараджэння Божага Сына.
Потым дзеці збіраюцца ў катэхетычным класе, дзе іх ужо чакаюць гарачая гарбата і цёплыя булачкі.
Пасля хутка з’едзенага пасілку яны ідуць на заняткі ў школу.
Як адзначае пробашч парафіі а. Вальдэмар Слота CSsR, такія сустрэчы станоўча ўплываюць на развіццё і інтэграцыю дзяцей. Па яго словах, гэта будуе супольнасць, адчуваецца адзінства вялікай сям’і Божых дзяцей. Усё гэта адбываецца ў выключнай атмасферы, якая спрыяе таму, каб як найлепш падрыхтавацца да блізкіх святаў Божага Нараджэння.
Кс. Юрый Марціновіч