7 снежня ў кляштары сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) прайшоў чарговы дзень малітвы для дзяўчат пад дэвізам: “Што можаш зрабіць сёння, не адкладвай на заўтра”.
У сустрэчы ўдзельнічала пяць дзяўчат. Духоўным кіраўніком падчас гэтай малітоўнай прыгоды быў а. Павел Герман OCD з Нарачы.
У канферэнцыі а. Павел асаблівую увагу звярнуў на цноту пакоры ў нашым жыцці. Па яго словах, быць пакорным значыць, перш за ўсё, стаць у праўдзе перад самім сабой.
Таксама ў канференцыі ўдзельніцы пачулі тэрмін “духоўная лянота”. Пазней дзяўчаты прызналіся, што адкрыццём для іх быў факт, што існуе лянота не толькі фізічная, але і духоўная. Адразу паўстала пытанне: “Як змагацца з гэтай лянотай?”
Лянота – гэта значыць адкладваць нешта на пазней альбо не рабіць чагосьці ўвогуле.
Лянота можа таксама прывесці да роспачы.
Лекамі супраць ляноты, як параіў айцец Павел, могуць быць такія важныя справы, як: жыць сённяшнім днём, рабіць добрыя справы, рэгулярна маліцца, прымаць святыя сакрамэнты, чытаць Святое Пісанне... Удзельніцы атрымалі таксама параду стаць у пакоры і сказаць сабе: “Без Бога нічога не зраблю!”
Як было падкрэслена на сустрэчы, там, дзе ёсць пакора, няма месца для ляноты. Таму, што можна зрабіць сёння, не трэба адкладваць на заўтра.
С. Магдаліна Кулай