6 снежня ў лідскі фарны касцёл Узвышэння Святога Крыжа на раратнюю Імшу завітаў святы Мікалай.
З пачатку снежня па нашых прасторах крочаць Санта-Клаус і Дзед Мароз, раздаючы падарункі згодна з сучаснай традыцыяй і модай. Некаторыя дзеці нават і не здагадваюцца, што сапраўдныя падарункі яны атрымліваюць ад св. Мікалая. 17 стагоддзяў таму ён здзяйсняў сапраўдныя цуды праз малітву і добрыя ўчынкі: раздаваў багацце бедным і ўбогім, падкінуў тры торбачкі з золатам на добры пасаг дзяўчатам, уратаваў карабель ад шалёнай буры і ажывіў матроса, накарміў цэлы горад падчас вялікага голаду, выратаваў з рук ката нявінна асуджаных...
Святы Мікалай адгукнуўся на запрашэнне святароў і сясцёр, якія служаць у лідскай Фары, і завітаў раніцай на раратнюю Імшу, каб аддзячыць дзецям і моладзі – у цэлым 250 чалавекам – за плённую падрыхтоўку да Божага Нараджэння падчас Адвэнту.
Святы апякун дзяцей, маладых дзяўчат, маракоў, купцоў, земляробаў, вучняў і пчаляроў паабяцаў, што гэтая сустрэча – толькі пачатак сапраўдных цудоўных падарункаў у жыцці вернікаў у новым годзе. Галоўнае – падрыхтаваць нашыя сэрцы да радаснай сустрэчы з Нованароджаным Хрыстом.
Яна Чайко
Фота: Анастасія Муціловіч