Skip to main content

“Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі праводзіць акцыю “Калядная свечка”

IMG 9994Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас”” Гродзенскай дыяцэзіі традыцыйна перад святамі Божага Нараджэння распачало штогадовую дабрачынную акцыю “Калядная свечка.

Сабраныя сродкі будуць накіраваны на дапамогу дзецям, якія знаходзяцца ў патрэбе: сіротам, паўсіротам, дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, дзецям і моладзі з інваліднасцю.

Штогод дзякуючы служэнню “Карытас” сотні дзяцей маюць магчымасць прабываць у летніх аздараўленчых лагерах, наведваць пазнавальныя экскурсіі, удзельнічаць у працы навучальных груп, творчых гурткоў у дзіцячых сацыяльных лагерах, у спецыяльных святах, атрымліваць адрасную дапамогу.

З пачаткам Адвэнту такія свечкі распаўсюджваюцца ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі. Далучыцца да акцыі могуць усе вернікі і людзі добрай волі.

Свечкі належыць запаліць у вігілійны вечар, каб такім сімвалічным чынам у гэты асаблівы час атачыць малітвамі і памяццю тых, хто патрабуе ўвагі і дапамогі.

IMG 0001

Вігілійная свечка “Карытас” нагадвае пра праўдзіваесвятло нашага жыцця. Яна не служыць толькі стварэнню пэўнага настрою, не дадае толькі прыгажосць накрытаму сталу. Яна паказвае Езуса Хрыста, Эмануэля – Бога з намі, які з’яўляецца дарам любячага Айца для чалавецтва.

Дабрачынная акцыя “Калядная свечка” праходзіць у Беларусі ўжо многія гады.

З кожным годам да акцыі далучаецца ўсё больш людзей, а значыць, усё большай колькасці дзяцей удаецца дапамагчы.

“Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі заахвочвае ўсіх вернікаў згодна са звычаем мінулых гадоў далучыцца да гэтай прыгожай справы, каб шмат бедных і патрабуючых людзей магло спазнаць хаця б крыху дабрыні і адчуць атмасферу святаў Нараджэння Пана і Новага года.

Няхай святло гэтай свечкі злучае нас усіх у чыненні дабра. Езус прыйшоў да нас як малое безабароннае дзіця і даў нам шанс сустрэць Бога ў іншым чалавеку, асабліва малым і патрабуючым падтрымкі!

Кс. Юрый Марціновіч