23 лістапада ў парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) сёстры св. Ядвігі правялі дзень засяроджання для дзяўчат.
Сустрэча распачалася супольнай малітвай да Святога Духа. Падчас сустрэчы дзяўчаты мелі магчымасць у цішыні свайго сэрца паразважаць над тым, да чаго Бог заклікае кожнага чалавека.
Вялікай радасцю сталася для іх праца, падчас якой яны змаглі з усёй крэатыўнасцю зазначыць і назваць вартасці сямейнага жыцця, а таксама жыцця ў законнай супольнасці.
Падчас канферэнцыі, якую падрыхтаваў a. Андрэй Урублеўскі CSsR, дзяўчаты засяродзілі ўвагу на здольнасцях і дарах, якімі Бог шчодра надзяліў кожнага для спаўнення свайго жыццёвага паклікання. Рэдэмптарыст зазначыў, што кожны чалавек мае вялікую каштоўнасць у вачах Бога, таму мы павінны любіць сябе, каб пазней быць здольнымі палюбіць іншага чалавека.
Свае прагненні, імкненні і мары, а таксама слабасці і ўсё тое, што перашкаджае нам ісці дарогай да святасці, дзяўчаты аддалі на малітве Езусу падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Завяршылася сустрэча святой Імшой, дзе кожны змог падзякаваць добраму Богу за ўвесь дзень, а таксама за тое, што кожны з нас быў створаны і пакліканы да святасці.
С. Вікторыя Галуза