22 лістапада, ва ўспамін св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, апякункі касцёльнай музыкі, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбыўся святочны канцэрт дыяцэзіяльнага хору “Cantate Domino”.
У гэты дзень харысты, для якіх музычная дзейнасць складае вельмі важную частку жыцця, дзякавалі Богу за 20 гадоў існавання калектыву і магчымасць несці людзям святло любові Хрыста.
Юбілейныя ўрачыстасці пачаліся святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі прысутнічалі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, духоўныя асобы і шматлікія жыхары горада над Нёманам.
У гаміліі біскуп Кашкевіч нагадаў жыццёвы шлях святой Цэцыліі, якую традыцыя лічыць апякункай касцёльнай музыкі. Іерарх падкрэсліў, што яна вельмі любіла Хрыста і ўсведамляла Яго любоў, таму спявала ў душы свайму боскаму Абранніку.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў усіх прысутных выражаць удзячнасць Богу таксама праз спеў. “Пакуль існуе гэты свет, Касцёл Хрыстовы будзе спяваць Збаўцу сваю “новую песню” праслаўлення і хвалы, пакуль мы ўсе не дойдзем да нябеснага Ерузалема, дзе далучымся да хору збаўленых і разам будзем вечна праслаўляць бясконцую любоў Божую”, – сказаў іерарх.
Звяртаючыся да члена хору “Cantate Domino”, ён адзначыў найперш іх вялікі ўклад у прыгажосць літургіі і вельмі патрэбнае ў Касцёле на Гродзеншчыне служэнне.
Па словах біскупа, прыгожы спеў, якім яны ўзрушваюць сэрцы вернікаў, з’яўляецца плёнам шматлікіх сістэматычных рэпетыцый, якім харысты ахвярна і велікадушна прысвячаюць час і сілы.
Іерарх пажадаў, каб сэрцы харыстаў былі заўсёды поўныя веры і любові, надзеі і радасці, каб яны ўмелі распазнаваць прысутнасць Бога ў сваім жыцці. “Няхай ваш прыгожы спеў будзе заўсёды выразам глыбокай Божай радасці, якая жыве ў верных сэрцах, што любяць Бога”, – дадаў ён.
Пасля Імшы пачаўся юбілейны канцэрт пад кіраўніцтвам Генрыха Давідовіча, нязменнага кіраўніка і дырыжора хору. Яго распачалі спевам ветэраны гэтага музычнага калектыву, якія стаялі ля вытокаў. Яны праспявалі твор пад назвай “Святы”, які быў першым, што выканаў хор 20 гадоў таму.
За гэты час склад хору змяняўся. Многія ў ім з самага пачатку. Сёння ў хоры спяваюць бацькі і дзеці, сужэнцы. Таму сваіх бацькоў-харыстаў вырашылі павіншаваць іх дзеці, якія падкрэслілі, што “з бацькамі спяваюць у адзін голас”. Яны выканалі для бацькоў прыгожую песню.
У гэты дзень кожны ўдзельнік хору, а таксама тыя, хто належаў да яго раней, атрымалі з рук біскупа Гродзенскага спецыяльную падзяку за ўклад у развіццё Касцёла на Гродзеншчыне і пастырскае благаслаўленне.
Хор “Cantate Domino” быў заснаваны ў 1999 годзе ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец). За час дзейнасці ён прадставіў незлічоную колькасць канцэртаў, пабываў за мяжой – у Польшчы і Літве, у 40 гарадах і вёсках нашай краіны (а ў некаторых шмат разоў).
Хор выконвае творы на пяці мовах: польскай, беларускай, рускай, лацінскай і італьянскай. Рэпертуар калектыву складаецца са спеваў на ўсе літургічныя перыяды, сярод якіх творы знакамітых кампазітараў. У сваім рэпертуары хор мае больш за 200 твораў вядомых кампазітараў.
Ужо традыцыйна хор упрыгожвае спевам найважнейшыя ўрачыстасці ў мясцовым Касцёле. Кожны раз ён атрымлівае гучныя апладысменты і высокую ацэнку слухачоў. У сферы касцёльнай музыкі і спеву гэты хор з’яўляецца своеасаблівай візітоўкай Гродзенскай дыяцэзіі, добра вядомай, распазнавальнай і любімай слухачамі.
У хоры адбылося 6 шлюбаў сярод удзельнікаў, а для шматлікіх маладых сужэнцаў харысты разам спявалі шлюбныя песні.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская