18 лістапада ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) адбылася сустрэча законных сясцёр, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. У праграме былі адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць прыступіць да споведзі, канферэнцыя.
З канферэнцыяй на тэму будавання законнай супольнасці выступіў кс. Аляксандр Фядотаў SCJ. Святар падкрэсліў, што дыялог і шчырасць дапамагаюць будаваць супольнасць.
Ён адзначыў, што ад кожнага чалавека ў супольнасці залежыць атмасфера ў ёй і што ў супольнасці самае важнае – пачуццё прыналежнасці і жаданне, каб іншы развіваўся ў сваім ахвяраванні Богу і людзям.
Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх выказаў удзячнасць сёстрам за іх штодзённае служэнне і ўсе ініцыятывы, якія яны ажыццяўляюць з вялікай адданасцю. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў законніц быць у гэтым служэнні заўсёды адкрытымі на Божую ласку.
Сустрэча завяршылася сумесным абедам.
Кс. Юрый Марціновіч