16 лістападa, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі наведаў парафіяльную супольнасць Святога Духа ў Гродне (Альшанка), якая адзначала адпуст.
Варта заўважыць, што ў новай капліцы, якая зараз з’яўляецца месцам малітвы гэтай парафіі, знаходзіцца абраз Маці Божай Вастрабрамскай, што прыбыў у старую капліцу ў раёне Фабрычны ў 90-я гады дзякуючы айцам францішканам, якія апекаваліся гэтай маленькай святыняй. Пасля заснавання парафіі абраз перанеслі ў новую капліцу, і ён карыстаецца асаблівым культам.
Біскуп узначаліў у парафіі святую Імшу. Па просьбе пробашча кс. каноніка Паўла Салабуды ён маліўся за дзяцей, якія ў гэтым катэхетычным годзе першы раз прымуць Пана Езуса, і за іх бацькоў.
Гэтую прыгожую традыцыю малітвы за дзяцей і бацькоў увёў пробашч, які хацеў даручыць дзяцей апецы Маці Божай Міласэрнасці і развіваць культ Марыі ў новай капліцы. Таму таксама ў гэты дзень кожнае дзіця атрымлівае ў падарунак ад пробашча абраз Маці Божай Міласэрнасці. У гэтым годзе ў маладой парафіі да Першай Камуніі рыхтуюцца 179 дзяцей.
У гаміліі біскуп нагадаў вернікам гісторыю культу Маці Божай, якая больш за трыста гадоў таму абрала сваім тронам Вострую Браму. Кажучы пра духоўную лучнасць з гэтым месцам і пілігрымамі, якія ў гэты дзень маліліся ў Вільні на чале з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, іерарх падкрэсліў важнасць тых мясцін у Гродзенскай дыяцэзіі, дзе паўстае культ Марыі.
Генеральны вікарый дыяцэзіі заклікаў маладых бацькоў уключацца ў духоўнае выхаванне сваіх дзяцей. Асабліва ён запрасіў сем’і супольна чытаць Святое Пісанне.
“Заахвочваю кожнага з вас адкрыць кнігу Святога Пісання. Вельмі важна, каб у нашых сем’ях чыталася Біблія, каб дзеці маглі пазнаваць і чытаць гэтую святую кнігу”, – сказаў іерарх.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп благаславіў абразы Маці Божай Міласэрнасці. Пробашч кс. Павел Салабуда падзякаваў вернікам за шматлікую прысутнасць на малітве і выказаў надзею, што культ Маці Божай будзе развівацца ў маладой парафіі, сярод маладых сем’яў і іх дзяцей.
JM