Skip to main content

Кс. Віталій Валюк цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў Крамяніцы

waluk 3617 лістапада адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды прыміцыі новапрэзбітара кс. Віталія Валюка. Сваю першую Эўхарыстыю малады святар цэлебраваў у роднай парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат).

Шматлікія госці з розных куткоў краіны, родныя, настаўнікі, сябры, семінарысты, сёстры законныя, моладзь прыехалі, каб раздзяліць з ім гэты важны ў яго жыцці момант.

Урачыстасць пачалася ў плябаніі, дзе маці новапрэзбітэра ўдзяліла свайму сыну благаслаўленне на шлях святарства.

waluk 52

Затым святары, семінарысты, літургічная служба і большасць вернікаў прайшлі разам з новапрэзбітэрам у працэсіі ад плябаніі да касцёла. Малады святар традыцыйна ішоў пасярэдзіне вянка, спецыяльна сплеценага з гэтай нагоды.

У касцёле святара прывітаў пробашч парафіі кс. Аляксандр Баклажэц, які выказаў шчырыя словы радасці ад імя ўсіх вернікаў.

Эўхарыстыя была вялікім перажываннем не толькі для самога святара, але і для яго сям’і, сяброў і парафіян.

Словы айцоўскага настаўлення, якія скіраваў у гаміліі а. Андрэй Агель SP да прыміцыянта ў гэты незвычайны дзень, напэўна, надоўга застануцца ў сэрцы маладога святара, ды і ўсіх прысутных.

waluk 47

“Малады святар з’яўляецца стаўпом Касцёла!” – сцвердзіў айцец Агель на пачатку гаміліі. Ён параўнаў жыццё святара з жыццём Езуса Хрыста. Як у Езуса быў радасны момант уезду ў Ерузалем на восліку, калі ўсе радасна ўсклікалі “Гасанна!”, так і малады святар будзе чэрпаць вялікую радасць з Хрыстовага паслання. Але акрамя радасных “пальмовых нядзеляў” у жыцці святара будуць і горкія “вялікія пятніцы”, што таксама перажыў наш Пан.

“Пакуль малады, можаш шмат добрага зрабіць для Касцёла. Беражы запал у абвяшчэнні Евангелля і радасць са святарскага жыцця”, – заахвоціў напрыканцы новапрэзбітэра прапаведнік.

На заканчэнне Эўхарыстыі прыміцыянт пачуў шмат цёплых віншаванняў і пажаданняў ад моладзі, сяброў і парафіянаў. Пасля ён сам звярнуўся са словамі падзякі да сваёй маці, братоў і сясцёр, пробашча, святароў, семінарыстаў, моладзі, парафіян і ўсіх гасцей, якія раздзялілі з ім гэтую ўрачыстасць.

Ксёндз Віталій Валюк прасіў аб далейшым малітоўным спадарожнічанні і ўдзяліў усім прыміцыйнае благаслаўленне, а таксама ўручыў памятныя абразкі.

Пасля Імшы адбыўся святочны абед для ўсіх гасцей.

Aндрэй Юхнік