13 лістапада ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася пастырская сустрэча святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
Святары сабраліся, каб паслухаць канферэнцыі, разам адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт, а таксама цэлебраваць са сваімі біскупамі Эўхарыстыю.
З канферэнцыяй звярнуўся да прысутных кс. Тадэвуш Крыштопік, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы.
Ён закрануў тэму небяспекі духоўнага сінкрэтызму.
Святар патлумачыў, што сінкрэтызмам з’яўляецца злучэнне розных, часта непадобных і спрэчных поглядаў. Прыхільнікі рэлігійнага сінкрэтызму думаюць, што канкрэтная рэлігія не ахоплівае ўсяго і трэба стварыць адну, універсальную рэлігію для ўсіх людзей. Гэта павінна быць “рэлігія ўсіх рэлігій, змяшанне таго, што найлепшае для ўсіх рэлігій”.
Пробашч парафіі ў Квасоўцы дадаў, што святары не змяняюць сваю рэлігію, але могуць моцна пашырыць свой монатэізм, далучаючы да сваёй веры іншыя канцэпцыі Бога і духоўнага жыцця. Ён падкрэсліў, што толькі Езус з’яўляецца Богам і Збаўцам і было б блюзнерствам і памылкай дапаўняць веру ў Яго сінкрэтызмам.
Вянцом сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
З нагоды навэнны перад урачыстасцю Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай Апякункі Гродзенскай дыяцэзіі, якая зараз адбываецца там, сабраныя маліліся асабліва за ўвесь Касцёл на Гродзеншчыне.
У гаміліі біскуп Кашкевіч заахвоціў святароў, распарадчыкаў Эўхарыстыі, адказаць сабе на пытанне пра веру ў прысутнасць Езуса сярод нас у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Іерарх адзначыў, што святары знаходзяцца найбліжэй да Хрыста Эўхарыстычнага, прысутнага пад постацямі хлеба і віна, прымаюць Яго кожны дзень у свае сэрцы, раздаюць вернаму люду.
Аднак, падкрэсліў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, “нам самім, можа, больш, чым нашым парафіянам, пагражае руціна, а нават абыякавасць да гэтай вялікай таямніцы веры, найцудоўнейшага дару, якім з’яўляецца праўдзівая прысутнасць Езуса Хрыста ў сакрамэнце Эўхарыстыі”.
Біскуп заклікаў духавенства Гродзенскай дыяцэзіі, углядаючыся ў аблічча Марыі, якая з верай адаруе нябачнага для чалавечых вачэй Сына, прасіць таксама для сябе аб дары жывой, гарачай веры ў Божую прысутнасць у сакрамэнце алтара.
“Якім жа сумным, нават трагічным было б святарства чалавека, занятага выключна сабой, які мае розныя інтарэсы, за выключэннем спраў веры, не знаходзіць час на малітву, на штодзённую адарацыю Езуса Эўхарыстычнага, на паглыбленне ўласнага сяброўства з Богам”, – дадаў іерарх.
Сустрэча завяршылася аб’явамі Гродзенскай курыі пра актуальныя і будучыя падзеі ў дыяцэзіі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Аляксандра Шчыглінская