11 лістапада ў лідскай парафіі Святой Сям’і святары адзначылі пятую гадавіну заканчэння навучання ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Пяцёра з іх прынялі 8 лістапада 2014 г. прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
Спачатку святары сабраліся на малітве Ружанца разам з мясцовымі вернікамі.
Яны маліліся аб патрэбных сілах у штодзённай рэалізацыі свайго паклікання і за сваіх вернікаў, да якіх былі пасланы.
Святую Імшу ў інтэнцыі гэтых святароў-юбіляраў – кс. Аляксандра Сямінскага, кс. Аляксандра Вараб’ёва, кс. Паўла Раманоўскага, кс. Віталія Пяткевіча, кс. Марка Занеўскага, кс. Юрыя Садоўскага, кс. Алега Яновіча і кс. Дзмітрыя Леўчыка – цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У гаміліі кс. Павел Раманоўскі, які зараз з’яўляецца пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках (Ашмянскі дэканат), разважаў над сутнасцю святарства. Ён падкрэсліў, што тыя, каго абраў Хрыстус для свайго служэння ў Касцёле, абвяшчэння Евангелля, не свабодныя ад зла, а падвергнутыя яго небяспецы, як усе іншыя людзі, а нават, можа, і больш.
Ксёндз Раманоўскі дадаў, што “яны не са свету, хоць ёсць у свеце”, і, “будучы ў свеце, яны трымаюцца на адлегласці да свету”. Таму, падкрэсліў ён, кожны святар мае патрэбу ў малітоўным суправаджэнні і падтрымцы ад сваіх вернікаў, якім служыць і якім прысвячае сваё жыццё.
Ксёндз Павел заахвоціў вернікаў спадарожнічаць святарам малітвай, бо толькі дзякуючы ёй кожны святар стане “сапраўдным спецыялістам у сустрэчы чалавека з Богам”.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне Эўхарыстыі падзякаваў святарам за запрашэнне і тое, што яны нястомна будуюць братэрскую супольнасць паміж сабой. Ён заахвоціў іх любіць сваё святарства і тых людзей, да якіх Касцёл іх паслаў. Таксама іерарх адзначыў важнасць малітвы, на якой кожны святар павінен зразумець, чым для яго з’яўляюцца гэты вялікі дар і таямніца, ахвяраваныя ў сакрамэнце пасвячэння.
Кс. Юрый Марціновіч