З 8 па 10 лістапада Кангрэгацыя Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Гродне гасцінна прымала ў сваім доме сем’і з Асацыяцыi Святой Сям’і, якая сёлета адзначае 10-гадовы юбілей існавання ў Беларусі.
Сем’і ў чарговы раз сабраліся на рэкалекцыі, каб пашыраць свой духоўны вопыт і ўзрастаць у святасці. Былі сем’і з Ліды, Навагрудка, Гродна і Мінска, разам 85 чалавек.
Ксёндз Віталій Сідорка, пробашч лідскай парафіі св. Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка, на прыкладзе жыцця благаслаўлёнага Шарля дэ Фуко вучыў удзельнікаў несці Евангелле сваім жыццём праз выкананне штодзённых абавязкаў і спраў, быць сапраўднымі слугамі Хрыста, “асвячаць” сваім служэннем тое месца і людзей, якія знаходзяцца побач. “Мы тыя, па кім будуць судзіць аб Езусе”, –адзначыў святар.
Нягледзячы на насычаную праграму, быў час для наведвання знакамітых мясцін Гродна, знаёмства са святынямі горада – яго найстарэйшым касцёлам Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскім), рэктаральным касцёлам Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім) і катэдрай св. Францішка Ксаверыя, якія зацікавілі сваёй гісторыяй і зачаравалі веліччу і прыгажосцю. Самі гродзенцы падчас гэтага мелі магчымасць паглядзець на свой горад інакш, чым заўсёды.
Сястра Марыяна Алешчык CSFN, адказная за Асацыяцыю Святой Сям’і ў нашай краіне, адзначае, што шмат гадоў падобныя рэкалекцыі адбываліся ў Навагрудку, а гэтым разам быў абраны Гродна, і сустрэча сапраўды атрымалася вельмі добрай – у хатняй атмасферы, якую забяспечылі сёстры назарэтанкі і якую будавалі самі ўдзельнікі. Прымалі гасцей сем’і з Гродна.
“Нехта з удзельнікаў падышоў і сказаў: мы думалі, што ў Навагрудку ёсць неба, бо заўсёды шкада ад’язджаць, але цяпер бачым, што неба ёсць там, дзе мы!” – дадае законніца.
Удзельнікі рэкалекцый перакананыя, што час, праведзены ў Гродне, прынясе плёны згоды, міру і любові ў кожнай сям’і, якая пажадала правесці яго разам з іншымі.
Людміла Паталей