З 6 па 8 лістапада ў навагрудскім кляштары сясцёр назарэтанак адбыліся традыцыйныя духоўныя практыкаванні для дзяўчат. “Праз хрост я стану новым стварэннем. Хрост – новае нараджэнне, пачатак жыцця ў Хрысце” – гэтая тэма стала запрашэннем на рэкалекцыі.
Духоўныя практыкаванні сабралі 55 дзяўчат з Будслава, Войстама, Геранён, Гродна, Карэліч, Ліды, Маладзечна, Мінска, Новага Двара і Навагрудка. Падчас супольных сустрэч з дапамогай сясцёр назарэтанак і кс. Яўгена Эйсманта SAC моладзь мела магчымасць перажыць восеньскія канікулы інакш – адкласці ўбок свае гаджэты і больш часу прысвяціць слуханню Бога.
Супольная Эўхарыстыя, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, канферэнцыі, а таксама прыватныя разважанні над Божым словам дапамагалі дзяўчатам пахіліцца над Любоўю Бога Айца і ў цішыні сэрца пачуць Яго голас.
Разам праведзеныя дні ў навагрудскім кляштары Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта не маглі не наблізіць да сясцёр-мучаніц, якія сабралі на супольную малітву праз іх заступніцтва ў Фарным касцёле. Быў і час для забаў, прагляду фільма, шпацыру на Замкавую гару.
Усе гэтыя мерапрыемствы далі магчымасць удзельніцам рэкалекцый пазнаёміцца з новымі сяброўкамі і паглыбіць свае адносіны з Богам. Пры развітанні з Навагрудкам дзяўчаты ўжо планавалі прыехаць на наступныя рэкалекцыі, якія адбудуцца тут на пачатку студзеня.
С. Таццяна Стасюкевіч CSFN