Група вернікаў парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску здзейсніла пілігрымку ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.
Намерам гэтых вернікаў (22 чалавекі) была малітва за свае сем’і ў святым месцы. Праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці яны давяралі Пану Богу ўсіх сваіх блізкіх і ўсе патрэбы.
Як адзначаюць самі ўдзельнікі гэтай кароткай пілігрымкі, хвіліны, праведзеныя перад цудатворным абразом Марыі, пакінулі ў іх сэрцах супакой і вялікае жаданне чыніць дабро іншым людзям.
Самая малодшая ўдзельніца пілігрымкі, Кацярына, вучаніца 3 класа, прызнаецца, што для яе наведванне санктуарыя было досведам Божай дабрыні і ласкі. “Я шчаслівая, што магла пабываць у такім незвычайным месцы ўпершыню”, – кажа дзяўчынка.
68-гадовая Данута, найстарэйшая ўдзельніца пілігрымкі, вярнулася з яе з вялікім мірам у сэрцы. “Дадому вярнулася з адчуваннем шчасця, душэўнага міру. Як быццам пабывала ў бацькоўскім доме”, – дадае жанчына.
Кожны з удзельнікаў перакананы, што гэтая сустрэча з Марыяй у тракельскім санктуарыі ўмацуе іх у веры, любові і надзеі.
Кс. Юрый Марціновіч