27 кастрычніка ў парафіі Святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах (Іўеўскі дэканат) адбылася парафіяльная ўрачыстасць. На ёй сабраліся не толькі мясцовыя парафіяне, але і вернікі з усіх куткоў Беларусі.
Галоўную Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У ёй удзельнічаў таксама кс. Павел Эйсмант, куратар 1-га курсу Вышэйшай духоўнай семінарыі.
Урачыстасць пачалася з прывітання арцыпастыра і усіх гасцей пробашчам кс. Анджэем Бураком.
У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на ўрыўку з Евангелля гэтага дня, асабліва на постацях мытніка і фарысея. Таксама ён нагадаў пра апекуна лаздунскай парафіі св. Юду Тадэвуша, які дапамагае ў цяжкіх і безнадзейных справах.
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі дадаў, што варта скіроўваць праз заступніцтва гэтага святога ўсе свае малітвы ў любой цяжкай жыццёвай сітуацыі і не губляць надзеі.
Пасля Імшы адбылася ўрачыстая працэсія.
Як пажартаваў біскуп, пробашч парафіі, напэўна, мае сувязь з небам і дамовіўся аб добрым надвор’і, таму працэсія атрымалася вельмі прыгожай.
Пасля сабраныя праславілі Бога гімнам “Te Deum”. На заканчэнне ўрачыстасці пробашч выказаў словы падзякі найперш Богу за магчымасць маліцца разам, а таксама біскупу Юрыю за тое, што ён знайшоў час і прыехаў раздзяліць з вернікамі радасць парафіяльнага свята.
Падзяка была адрасавана і ўсім парафіянам, якія прыбіралі святыню і навакольную тэрыторыю і прычыніліся да таго, каб урачыстасць была прыгожай.
Безумоўна, памяць аб гэтым дні застанецца ў сэрцах лаздунскіх вернікаў. Няхай добры Бог шчодра благаслаўляе пробашча і ўсіх парафіян, а святыя апекуны Сымон і Юда Тадэвуш выпрошваюць для іх патрэбныя ласкі і захоўваюць ад злога.
Кс. Анджэй Бурак
Фота: Алена Паўлоўская