3 лістапада Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі наведаў капліцу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Масалянах, якая належыць да парафіі ў Малой Бераставіцы.
Падчас Імшы, якую іерарх цэлебраваў у капліцы разам з пробашчам парафіі кс. Андрэем Казлоўскім, ён маліўся за ўсіх памерлых вернікаў гэтай маленькай супольнасці.
Асаблівым чынам ён маліўся за спачылага біскупа Віленскага Ігнацыя Масальскага, які паходзіць з гэтых мясцін. Гэты іерарх нарадзіўся ў 1727 г. у в. Алекшчыцы, памёр у трагічных абставінах у 1794 г. у Варшаве.
Звяртаючыся да вернікаў, біскуп Станеўскі адзначыў, што сэрца чалавека павінна быць поўнае жадання служыць Богу, каб уздымацца над зямным і часовым, да чаго іншыя прывязаны.
Іерарх падкрэсліў, што гэтае добрае жаданне Хрыстус Пан заўважае і тады хоча быць заўсёды з чалавекам.
Кажучы пра актаву ўрачыстасці Усіх Святых, якая праходзіць зараз, калі вернікі моляцца за ўсіх памерлых, біскуп пажадаў, каб кожны чалавек на зямлі пакінуў пасля сябе добрыя сляды, каб наступныя пакаленні, гледзячы на гэтае дабро, маглі прыйсці да пазнання Пана і да збаўлення.
Кс. Юрый Марціновіч