Skip to main content

Ва ўспамін усіх памерлых вернікаў біскуп Гродзенскі асвяціў капліцу на францішканскіх могілках горада

zaduszki fr 442 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў адноўленую капліцу і званіцу на францішканскіх могілках у Гродне.

Капліца была пабудавана ў 1852 г. у стылі класіцызму, у выглядзе прамавугольніка з чатырохкалонным порцікам спераду, з трохвугольным тымпанам на вяршыні. У 1881 г. недалёка ад капліцы была ўзведзена званіца.

Дзякуючы старанням айцоў францішканаў, якія служаць у Гродне, і вялікай ахвярнасці іх парафіян капліца была адноўлена і сёння ўсіх, хто наведвае магілы сваіх блізкіх, можа захапляць прыгажосцю.

На могілках біскуп Кашкевіч узначаліў святую Імшу з удзелам шматлікіх вернікаў. Падчас Эўхарыстыі маліліся асабліва за ўсіх, хто спачывае на гэтых могілках, а таксама ў іншых месцах.

У гаміліі іерарх адзначыў, што ў першыя дні лістапада шмат вернікаў накіроўваюцца на могілкі, каб шукаць адказу на пытанні, якія заўсёды турбуюць усё чалавецтва: чаму мы павінны паміраць? Чаму наша цела стане калісьці нерухомым і ў хуткім часе ператворыцца ў прах? А што будзе далей?

Біскуп падкрэсліў, што ў кожным чалавеку ёсць прыроджаны сум па несмяротнасці, па жыцці без канца. “Мы, хрысціяне, верым, што гэты сум мае сваю крыніцу ў Богу, які стварыў чалавека для несмяротнасці”, – дадаў ён.

Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, гэтага суму не заспакоіць зямное жыццё, бо яно занадта кароткае, праходзіць вельмі хутка, а яго тонкая нітка кожную хвіліну можа лёгка быць разарвана праз хваробу, якісьці выпадак або іншага чалавека.

zaduszki fr 31

“Наша надзея ідзе, аднак, далей і глыбей. Яна ўкаранёна ў Божым слове, а асаблівым чынам у асобе і навуцы Езуса Хрыста”, – заўважыў іерарх.

Ён адзначыў, што вера і надзея, якія для нас засноўваюцца на Хрысце, Сыне Божым, дазваляюць нам знаходзіцца ў лучнасці з нашымі братамі і сёстрамі, якія пераступілі парог смерці і ўжо жывуць іншым жыццём – праўдзівым, вечным, якое не мае канца.

“Мы становімся ўдзельнікамі таямніцы лучнасці святых. Нас злучае з памерлымі штосьці большае, чым толькі памяць, удзячнасць, сум і жаль. Мы ўтвараем з імі адну супольнасць, якая завецца Касцёлам”, – дадаў біскуп.

Іерарх заахвоціў вернікаў зрабіць усё, што толькі ў іх сілах, каб гэты пераход у вечнасць, які калісьці настане, быў спакойным і шчаслівым, напоўненым радасцю сустрэчы з Богам і ўдзячнасцю за Яго незлічоныя ласкі.

Пасля Імшы сотні вернікаў прайшлі ў жалобнай працэсіі алеямі старых могілак. Падчас яе яны спыняліся ля пяці стацый, каб даверыць Божай міласэрнасці ўсіх сваіх блізкіх памерлых і прасіць для іх ласкі неба.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Фотарэпартаж