Skip to main content

Біскуп Кашкевіч ва ўрачыстасць Усіх Святых: кожны з нас атрымаў запрашэнне да неба

katedra sw 28Пра тое, што першыя дні лістапада адзначаюцца непаўторнай і асаблівай атмасферай, а таксама што ўрачыстасць Усіх Святых – свята паклікання кожнага чалавека, які атрымаў запрашэнне да жыцця ў вечнасці, і свята жадання быць з Богам, нагадаў 1 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гэтую урачыстасць, асаблівы дзень, калі Касцёл успамінае ўсіх святых, вядомых і невядомых па імёнах і прозвішчах, іерарх узначаліў Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

На малітве сабраліся шматлікія жыхары горада.

У гаміліі біскуп адзначыў, што кожны год на пачатку лістапада мы ўспамінаем тых, хто адышоў з гэтага свету, дзякуем Богу за дар іх жыцця і за ўсё дабро, якое яны зрабілі.

katedra sw 27

Гэтаму ўспаміну, дадаў іерарх, спадарожнічае таксама малітва-просьба, у якой мы просім, каб Бог у сваёй бясконцай міласэрнасці прыняў дарагіх нам памерлых у краіну вечнага жыцця і шчасця.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што ў гэтыя дні амаль кожны чалавек задае сабе пытанне пра сэнс жыцця і смерці, задумваецца над тым, што такое вечнасць.

“Мы спрабуем уявіць, як выглядае жыццё па той бок рэчаіснасці, у той краіне, якой ніхто з жывых не бачыў на ўласныя вочы і пра якую мы ведаем, што накіроўваемся ў яе штодзённа”, – сказаў іерарх.

Па яго словах, вельмі часта ў чалавечым уяўленні святасць асацыюецца з чымсьці надзвычайным, выключным, з людзьмі, якія крыху “не пасуюць” да нашага свету і штодзённага жыцця, трохі дзіўнымі, бо іх Бог адарыў надзвычайнымі ласкамі.

“Сённяшняя ўрачыстасць нагадвае нам праўду аб тым, што святыя – такія ж людзі, як мы, яны сярод нас”, – адзначыў біскуп, падкрэсліваючы, што кожны чалавек пакліканы да святасці.

katedra sw 30

Іерарх звярнуў увагу, што святасць не засноўваецца на тым, каб быць абсалютна дасканалым, цалкам вольным ад найменшага граху і самай маленькай заганы, бо такіх людзей няма.

“Святасць – дар Божай міласэрнасці і прабачэння, плён справы адкуплення, здзейсненага Езусам Хрыстом, які памёр за нашы грахі і ўваскрос для нашага апраўдання”, – дадаў ён.

Біскуп нагадаў, што кожны чалавек атрымаў запрашэнне да неба ў сакрамэнце святога хросту. “Ці скарыстаемся мы гэтым запрашэннем, ці дасягнем неба, якое з’яўляецца найважнейшай мэтай нашага жыцця – залежыць ад таго, як мы пражывем гэтае зямное жыццё”, – падсумаваў іерарх.

katedra sw 38

У гэтую прыгожую ўрачыстасць Усіх Святых, якая ўзрушвае і схіляе да роздуму, біскуп пажадаў усім прысутным у святыні, каб у глыбіні свайго сэрца яны пачулі заклік да святасці.

“Няхай Божая ласка распаліць у нас праўдзівы, шчыры, поўны даверу сум па небе. І няхай гэты сум дадае нам сіл і адвагі быць штодзень вернымі вучнямі Хрыста, нашага Пана і Збаўцы”, – пажадаў іерарх.

Удзельнікі літургіі ў малітве прасілі святых, сваіх нябесных памочнікаў і апекуноў, заступацца за іх і дапамагаць ісці шляхам Езусавых благаслаўленняў, каб калісьці, пасля заканчэння зямной пілігрымкі, таксама апынуцца ў ліку шчаслівых жыхароў нябеснай айчыны.

Пасля святой Імшы адбылася жалобная працэсія па касцёле, падчас якой вернікі маліліся ля пяці стацый за ўсіх, хто скончыў зямную вандроўку і на шляху да неба затрымаўся ў чыстцы, каб перанесці пакаранне за здзейсненыя грахі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Ангеліна Марцішэўская