26 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы адбылася сустрэча членаў колаў “Жывога Ружанца” Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел святары, законныя сёстры, адказныя і ўдзельнікі гэтага ружанцовага малітоўнага руху з розных месцаў дыяцэзіі.
Удзельнічалі ў сустрэчы больш за 350 чалавек.
Ужо па традыцыі сустрэча была арганізавана кс. Міхалам Ластоўскім, дыяцэзіяльным мадэратарам супольнасці “Жывога Ружанца” і кусташам санктуарыя ў Капцёўцы. Святар сардэчна прывітаў прысутных, выказаўшы радасць, што з кожным годам “армія людзей, якія моляцца на ружанцы ў Гродзенскай дыяцэзіі, усё павялічваецца”.
Сустрэча пачалася малітвай на ружанцы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Вернікі маліліся за ўсіх членаў “Жывога Ружанца” Гродзенскай дыяцэзіі – жывых і тых, хто адышоў у вечнасць. Таксама маліліся за Касцёл на Гродзеншчыне, які перажывае І дыяцэзіяльны Сінод, і аб новых і шматлікіх пакліканнях да служэння ў Касцёле.
З канферэнцыяй пра моц ружанцовай малітвы выступіў а. Станіслаў Садоўскі OFM Conv. Засноўваючыся на апостальскім лісце “Rosarium Virginis Mariae” святога Яна Паўла ІІ, ён казаў пра Ружанец як скарб, які быў страчаны, згублены, забыты і заахвоціў нанова адкрыць гэтую малітву, вярнуць яе былое ззянне, ва ўсёй паўнаце выкарыстоўваць яе моц.
Затым адбыўся Крыжовы шлях вакол святыні. У гэты прыгожы восеньскі дзень члены “Жывога Ружанца” разважалі над мукай Пана Езуса Хрыста, робячы канкрэтныя пастановы выпраўлення свайго жыцця.
Урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх членаў ружанцовых колаў дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Ксёндз Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі, у гаміліі падкрэсліў, што ружанцовая малітва дазволіла многім людзям адкрыць багацце Бога, які ніколі не шкадуе ласкі для сваіх дзяцей і для якога няма немагчымых рэчаў.
Святар дадаў, што для таго, каб адкрыць багацце гэтай малітвы, патрэбна толькі вера і крыху ахвоты.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў удзельнікам сустрэчы за іх штодзённы зварот да Бога праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі ў інтэнцыі Касцёла.
Іерарх падзякаваў усім, хто ў Гродзенскай дыяцэзіі падтрымлівае ружанцовую малітву і клапоціцца, каб больш людзей належала да колаў “Жывога Ружанца”. Ён падзякаваў таксама дыяцэзіяльнаму мадэратару за арганізацыю сустрэчы і штодзённы клопат аб гэтай малітоўнай групе.
Сустрэча членаў руху скончылася супольным абедам у доме пілігрыма, які традыцыйна прыгатавалі гасцінныя жыхары Капцёўкі.
JM