У кастрычніку сужэнствы з гродзенскага душпастырства сем'яў "Open Families" штодзённа маліліся Ружанец у інтэнцыях супольнасці. Кожны дзень прызначаўся малітве ў інтэнцыях двух канкрэтных сем'яў.
"Кс. Антоні Грэмза, як духоўны кіраўнік Душпастырства, штодзённа пісаў разважанні да ружанцовых таямніц. Сёння шмат сямей з супольнасці жыве па-за межамі нашай краіны, таму праз ружанцовую малітву Марыя духоўна аб'ядноўвае членаў Душпастырства па ўсім свеце. Ёсць сужэнствы з ЗША, Італіі, Германіі і Польшчы, якія моляцца разам з намі. Сёлета ажно 51 сям'я збіраецца разам на праслаўленні. Гэта прыгожы прыклад хатняга Касцёла для нашых дзяцей. Няхай гэта стане добрай традыцыяй! Шчыра запрашаем новыя сем'і далучацца да нас!", - адзначае спадарыня Ганна Паўловіч.
Жадаючыя стаць удзельнікам Душпастырства могуць знайсці неабходную інфармацыю на старонцы супольнасці "Вконтакте".
Сустрэчы "Open Families" адбываюцца кожную першую і чацвёртую нядзелю месяца. Распачынаюцца супольнай св. Імшой а 16 гадзіне ў рэктаральным касцёле Звеставання НПМ (вул. Маладзёжная, 2). Пасля св. Імшы праводзіцца катэхеза і дыскусія на пэўную тэму, звязаную з жыццём і адносінамі ў сям'і, з духоўным развіццём яе членаў. Падчас спаткання для дарослых дзяцей бавяць валанцёры супольнасці.
АМ