20 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць ў гонар Вялікага Папы св. Яна Паўла ІІ у парафіі ва Уоттане (Англія).
Па запрашэнні пробашча кс. Вальдэмара Харэнзы іерарх прыбыў у мясцовую супольнасць вернікаў, каб разам з імі дзякаваць Богу за дар асобы Папы для ўсяго Касцёла і свету. Яны дзякавалі за яго любоў да Маці Божай і за культ Божай Міласэрнасці, за Евангелле цярпення, за ўсіх святых і благаслаўлёных, якіх ён узнёс да годнасці алтара, а таксама за яго незвычайны пантыфікат, які працягваўся амаль 27 гадоў.
Біскуп Гродзенскі ў гаміліі разважаў над незвычайным жыццём святога Папы, багатая асоба якога заключала ў сабе вельмі шмат талентаў і інтарэсаў і які вызначаўся надзвычай глыбокай духоўнасцю.
“Святы Ян Павел ІІ быў такі вялікі духоўна, што не засланяў сабой Хрыста, а вёў людзей да Яго, дапамагаў чалавеку сустрэцца са Збаўцам, а адначасова сам умеў распазнаць Хрыста ў іншым чалавеку”, – адзначыў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што асабістая вера Папы, пабожнасць і любоў да рэлігійных практык заўсёды былі звязаны з гатоўнасцю служыць іншаму чалавеку і нястомным адкрыццём на яго патрэбы.
Ён дадаў, што гэтыя каштоўныя рысы св. Ян Павел ІІ вынес з бацькоўскага дому. Таму біскуп заклікаў сучасныя сем’і ўмець выхоўваць у дзецях і новых пакаленнях такія цноты, як узаемная павага, любоў да бліжняга, пашана да старэйшых, падтрымка жыцця і любоў да жыцця на кожным яго этапе.
Іерарх пажадаў удзельнікам літургіі, “узгадваючы пантыфікат Яна Паўла ІІ, успамінаючы яго вобраз, які кожны з нас носіць ва ўласным сэрцы, не забываць, што мы павінны яго найперш наследаваць”.
Адпустовая ўрачыстасць завяршылася набажэнствам да св. Яна Паўла ІІ і ўшанаваннем яго рэліквій.
Кс. Юрый Марціновіч