Skip to main content

Адпустовыя ўрачыстасці прайшлі ў санктуарыі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах

baruny 2514-15 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат) адбыліся адпустовыя ўрачыстасці.

Святкаванне традыцыйна пачалося ў вігілію ўрачыстасці. На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія шанавальнікі Маці Божай Барунскай, якія прыбылі, каб прадставіць Ёй свае інтэнцыі і просьбы. У Імшы ўдзельнічалі кс. Ян Варанецкі, вікарый парафіі Св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, і а. Багуслаў Вуйтовіч OFMConv, пробашч парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах. Усіх прывітаў пробашч барунскай парафіі кс. Павел Паўлюкевіч.

baruny 22

Імшу ўзначаліў дэкан Ашмянскага дэканату кс. канонік Ян Пузына. У гаміліі ён нагадаў некаторыя звесткі з гісторыі абраза Маці Божай Барунскай. Таксама ён падкрэсліў, што Панна Марыя Барунская – суцяшэнне для тых, каму патрэбна падтрымка і дапамога. Святар заахвоціў з верай і даверам дзіцяці аддаць сябе матчынай апецы Марыі.

На заканчэнне Эўхарыстыі, якая адбылася ў 22 гадзіны, прайшла працэсія вакол касцёла з Найсвяцейшым Сакрамэнтам і абразом Маці Божай Барунскай. Падчас працэсіі маліліся Ружанец.

Пасля Імшы можна было памаліцца каля абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных і набраць вады з крыніцы ў падзямеллі касцёла.

Кс. Юрый Марціновіч