13 кастрычніка дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамэнт хрысціянскай сталасці групе вернікаў гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай (францішканскі).
Кандыдаты да прыняцця сакрамэнту былі адпаведным чынам падрыхтаваны праз удзел у катэхетычных занятках, літургіі, а таксама прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання, у чым запэўніў пробашч парафіі а. Антоні Пажэцкi OFMConv.
У гаміліі біскуп разважаў аб удзячнасці, да якой у гэты дзень заахвочвала літургія слова. Ён падкрэсліў, што пачуццё ўдзячнасці – вымярэнне велічы чалавека, яго бескарыслівасці і высакароднасці.
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падкрэсліў, што ўдзячны чалавек – гэта той, які разумее, што не ўсім удзячны сабе самому, што ён частка грамадства, якому амаль усім удзячны. Таму кожны павінен, па словах іерарха, усведамляць, што ён даўжнік іншых, што яму за ўсё трэба быць удзячным.
На заканчэнне літургіі тыя, хто быў у гэты дзень узбагачаны сямю дарамі Духа Святога, падзякавалі ўсім, хто прычыніўся да іх падрыхтоўкі і да таго, каб стала магчымай гэтая ўрачыстасць.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі