10 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у межах кананічнай візітацыі Шчучынскага дэканату наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары.
У грунтоўна адрамантаванай у апошні час гістарычнай парафіяльнай святыні сабраліся шматлікія вернікі. Прысутнічалі таксама сёстры законныя і святары, якія паходзяць з гэтай супольнасці.
Пробашч кс. Юрый Кузьміч, дэкан Шчучынскага дэканату, прывітаў сабраных і пазнаёміў з гісторыяй парафіі.
Пачаткі парафіі і рэлігійнага жыцця
Святар адзначыў, што парафія бярэ пачатак у XV стагоддзі. Каля 1480 г. на гэтай зямлі была збудаваная першая драўляная святыня. Менавіта ад той пары пад плашчом Найсвяцейшай Панны Марыі пачалася будова новай гісторыі, гісторыі хрысціянскага народа.
Ксёндз Кузьміч адзначыў, што першы касцёл праіснаваў амаль 200 гадоў, да 1656 г. Што з ім сталася, невядома, ёсць толькі звесткі, што быў знішчаны.
Дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча кс. Бажынскага і ахвярнасці вернага люду на хвалу Божую была ўзведзена новая святыня ў 1670 г. У 1674 г. візітатар занатаваў: “Касцёл просты, нядаўна пастаўлены стараннямі парафіян і кс. Бажынскага”.
У 1749 г. намаганнямі маршалка Прушынскага, тагачаснага пробашча кс. Мацея Пул’яноўскага і мясцовых жыхароў паўстае новая, цяперашняя святыня. Што сталася з папярэдняй, невядома.
Цяжкія часы і вера людзей
Пасля парафія перажывае нялёгкія часы, эпідэміі, знішчэнні ў часы напалеонаўскіх войнаў і пераслед пасля паўстання, але, негледзячы ні на што, трымаецца Хрыста, аб чым сведчыць факт пабудовы новай званіцы ў 1852 г.
У 1880 г. дзякуючы старанням кс. Мацея Харасімовіча святыня была грунтоўна адноўлена. Парафія налічвала ў той перыяд больш за 5 тысяч вернікаў.
На працягу ўсіх гэтых стагоддзяў святыня дзейнічала і парафія мела свайго душпастыра. Толькі пасля смерці кс. Радзішэўскага ў 1975 г. парафія засталася без святара. Парафіяне самі клапаціліся пра касцёл, збіралі грошы і плацілі падаткі, пільнавалі святыню, каб не была адабрана і зачынена.
У 1988 г. парафія зноў атрымала душпастыра. У ёй распачаў служэнне кс. Тадэвуш Крыштопік, які аднаўляў разам з вернікамі не толькі выгляд святыні, але перш за ўсё маральнае аблічча парафіі.
Ксёндз Юрый Кузьміч, робячы справаздачу падчас біскупскай візітацыі, адзначыў, што вернікі гэтай парафіі вельмі пабожныя, адданыя Хрысту і Касцёлу. А на працягу апошніх гадоў, калі тут пачаў служыць кс. Кузьміч, дзякуючы вялікай ахвярнасці мясцовых вернікаў былі праведзены грунтоўныя рамонты ў самой святыні і ў парафіяльным доме.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае супольнасць парафіі. У гаміліі ён адзначыў важнасць у жыцці кожнага чалавека малітвы, а ў бягучым месяцы кастрычніку нагадаў пра Ружанец, аб якім падчас кожнага аб’яўлення прасіла Панна Марыя.
“У гэтым ружанцовым месяцы, калі ў касцёле або дома мы стараемся штодзённа прамаўляць Ружанец, не будзем забываць падзякаваць Пану Богу за тых асобаў, якія навучылі нас гэтай цудоўнай малітве”, – сказаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў, каб “як мага часцей, а нават і штодзённа, з нашых вуснаў і сэрцаў сыходзіла цудоўная ў сваёй прастаце ружанцовая малітва”.
“Няхай яна, як узбураная пачуццём рака, нясе з сабой усе нашы радасці і боль, клопаты і непакой, надзеі і прагненні, каб усё гэта патапіць у Богу, у бязмежнай адхлані Яго Любові і Міласэрнасці”, – пажадаў ён.
Юбілей капліцы ў Таневічах
Таксама ў межах кананічнай візітацыі біскуп Кашкевіч наведаў капліцу Маці Божай Тройчы Цудоўнай у вёсцы Таневічы з нагоды 25-годдзя яе адкрыцця. Калісьці там быў клуб, а ўжо 25 гадоў дзякуючы старанням тагачаснага пробашча кс. Тадэвуша Крыштопіка гэтае месца стала месцам малітвы. Вернікі з вялікай радасцю сабраліся ў капліцы, якая стала для іх месцам сустрэчы з Богам.
Як падкрэсліваюць яны самі, для іх вялікая ласка, што яны маюць капліцу, бо да парафіяльнай святыні было б для іх вельмі далёка і не ўсе з прычыны ўзросту ці хваробы маглі б удзельнічаць у Імшы. Зараз жа дзякуючы існаванню капліцы ў іх ёсць магчымасць не прапускаць літургію.
У капліцы іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі гэтай часткі парафіі. Людзі з вялікай узрушанасцю ўдзельнічалі ў гэтай малітве падзякі. Яны вельмі стараліся падрыхтаваць усё да таго, каб годна прыняць біскупа. Як сказалі яны ў сваёй прамове, ён ужо трэці раз становіцца госцем іх вёскі.
Затым біскуп у прысутнасці пробашча і групы дзяцей, моладзі і дарослых наведаў парафіяльныя могілкі, дзе памаліўся за спачылых святароў, якія служылі тут, і за ўсіх парафіян.
Aпошнім пунктам візітацыі была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў святыні і малітва Ружанца. Пасля вернікі развіталіся з іерархам. Прадстаўнікі ўсіх пакаленняў дзякавалі пастыру, які з вялікім клопатам аб даверанай яму аўчарні прыбыў, каб умацаваць сваім словам і благаслаўленнем.
Кс. Юрый Марціновіч