6 кастрычніка ў Турыне (Iталія) адбылася XXIX агульнаеўрапейская сустрэча членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў, у якой прынялі ўдзел 12 прадстаўніц ADMA са Смаргоні.
“Сустракацца, каб дзяліцца ласкай” – пад такім дэвізам прайшла сустрэча. У гэтым вялікім мерапрыемстве прыняло ўдзел больш за 600 чалавек на чале з ксяндзом Анхелем Фярнандэсам Арцімэ SDB, Генеральным настаяцелем салезіянаў ксяндза Боско, Рэнато Валера, прэзідэнтам ADMA, і духоўным кіраўніком сусветнай ADMA айцом П’ерлуіджы Камероні SDB.
Мноства людзей дзякавала Пану Богу і Марыі Успамозе Хрысціянаў за 150 гадоў існавання ADMA, а таксама перажывала радасць асабістай сустрэчы. Мерапрыемства было падрыхтавана членамі Рады ADMA Першасная з Турына, а для прадстаўнікоў Беларусі – духоўным кіраўніком беларускай ADMA у Смаргоні с. Веранікай Блізнюк FMA пры дапамозе кс. Паўла Шчарбіцкага SDB, семінарыстаў Юрыя Пашкаўца SDB, Марка Найдзіча SDB і Міхала Радзевіча SDB.
Сустрэча распачалася ў тэатры араторыя на Вальдокко, дзе моладзь прадставіла мюзікл аб тым, як 150 гадоў таму пачала сваё існаванне ADMA, аб ролі Марыі ў жыцці кс. Боско. Затым кс. Анхель Фярнандэс Арцімэ падзяліўся некаторымі думкамі са свайго ліста, напісанага спецыяльна да 150-годдзя заснавання Асацыяцыі. “Давярай, давярайся, усміхайся”, - словы, якімі ён коратка апісаў харызму ADMA. Акрамя таго, святар заахвоціў прысутных да распаўсюджвання духу Асацыяцыі ў месцах пражывання, працы, малітвы, дадаўшы, што астатняе ўчыніць Марыя Успамога Хрысціянаў.
Моцнымі момантамі “дзялення ласкай” сталі сведчанні людзей, якія спазналі ў жыцці рэальную прысутнасць і дапамогу Марыі Успамогі Хрысціянаў.
Пасля супольнага абеду адбыўся Ружанец з разважаннямі ў базыліцы Марыі Успамогі, а пасля Генеральны настаяцель салезіянаў ксяндза Боско разам са шматлікімі святарамі цэлебраваў Эўхарыстыю, падчас якой шмат кандыдатаў з розных куткоў Італіі былі далучаныя да ADMA.
Гэты дзень дапамог зразумець, што кожны мае магчымасць падзяліцца ласкай: ласкай веры, ласкай прыналежнасці да вялікай сям’і ADMA, ласкай жыцця пад апекай Марыі, ласкай асабістых малых і вялікіх змёртвыхпаўстанняў, малых і вялікіх цудаў.
Напоўненыя духам сонечнага Вальдокко, духам любові і гасціннасці мамы Маргарыты на Колле Дон Боско, духам моцнай веры ксяндза Боско, члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў з Беларусі вярнуліся ў Смаргонь з моцным жаданем не схаваць гэта для сябе, а падзяліцца з іншымі.
Наталля Субко, старшыня ADMA у Смаргоні