Skip to main content

Дзень засяроджання прайшоў у семінарыі ў Гродне

wds wds 2410 кастрычніка ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі адбыўся дзень засяроджання. Распачаліся духоўныя практыкі вечарам 9 кастрычніка гімнам да Духа Святога і Камплетай.

Духоўным кіраўніком дня засяроджання стаў пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску кс. канонік Францішак Рудзь.

Ва ўводнай канферэнцыі святар акрэсліў першую тэму разважанняў – “Крыж як знак любові Бога да мяне”. Ён прапанаваў сабраным паразважаць над думкай: “Каго Бог любіць, таму пасылае крыж. Кожнаму свой. І варта браць свой крыж і не ўскладаць крыжа на плечы свайго брата”.

wds wds 26

Новы дзень семінарысты распачалі Ютранню з ранішнім разважаннем; пазней адбылася малітва на працягу дня, пасля якой духоўнік звярнуўся да будучых святароў з канферэнцыяй, распавядаючы пра пакліканне па прыкладу супольнасці дваннаццаці апосталаў і Езуса, а таксама звярнуў увагу на значнасць малітвы як галоўнага сродку будавання добрых адносін з Богам. 

Перад абедам семінарысты памаліліся Ружанцам і пад кіраўніцтвам кс. Францішка разважалі над кожнай таямніцай зямнога жыцця Езуса.

У другой палове дня адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Падчас адарацыі семінарысты мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту паяднання.

Галоўным і апошнім пунктам дня засяроджання стала святая Імша, якую ўзначаліў кс. Францішак. У гаміліі ён растлумачыў сэнс чытання Евангелля на гэты дзень і заахвоціў да жыцця паводле Божага слова. Ён узгадаў свае семінарыйныя гады і падзяліўся вопытам святарскага жыцця. 

Андрэй Юхнік

Фота: Павел Леановіч