5 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Астравецкі дэканат) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў дыяканскае пасвячэнне брату Ігнату Падарэцкаму ад Езуса Укрыжаванага.
Днём раней ён прынёс вечныя манаскія абяцанні ў Ордэне братоў босых Найсвяцейшай Панны з гары Кармэль. Брат Ігнат паходзіць з вёскі Слабодка, што належыць да гудагайскай парафіі.
На ўрачыстасці ў невялічкай святыні, якая ўжо шмат гадоў з’яўляецца духоўным цэнтрам культу Маці Божай Шкаплернай у Беларусі, дзе сустракаецца сям’я тых, хто носіць шкаплер, сабраліся айцы кармэліты і сёстры кармэліткі, прысутнічалі бацькі і блізкія брата Ігната, мясцовыя вернікі.
На пачатку Імшы сабраных правінцыяльны дэлегат айцоў кармэлітаў босых у Беларусі а. Пётр Фраштэнга OCD. Ён адзначыў, што дыяканскае пасвячэнне для кармэліцкай сям’і ў нашай краіне – вялікая радасць, бо ордэн, заснаваны св. Тэрэзай Авільскай і св. Янам ад Крыжа, на нашых землях разрастаецца і папаўняецца новымі членамі.
Біскуп Кашкевіч у гаміліі патлумачыў, на чым засноўваецца сутнасць служэння Езусу. Па яго словах, яе сэнс – адносіны любові, без якой служэнне становіцца нявольніцтвам. Ён падкрэсліў, што жыццё для Хрыста і Касцёла ў дыяканскім служэнні не азначае ні камфорту, ні прывілеяў, а шлях паслухмянасці, спачування, праўды і евангельскай руплівасці.
На заканчэнне ўрачыстасці новы дыякан выказаў удзячнасць Богу за пакліканне, якім Ён яго адарыў, падзякаваў таксама ўсім тым, каго Стварыцель паставіў на яго шляху, а асабліва сваім бацькам, якія паказалі яму дарогу да Пана і выхавалі ў хрысціянскай веры.
За музычнае аздабленне літургіі адказваў хор парафіі Св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні. Пасля Імшы кармэліцкая сям’я, блізкія дыякана і запрошаныя госці накіраваліся на супольны абед у кармэліцкі кляштар, каб далей святкаваць гэтую выключную падзею.
Удзячныя Богу за дар новага дыякана, жадаем брату Ігнату ўзрастання ў адносінах любові да Пана і апекі Маці Божай з гары Кармэль.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Магдаліна Кулай CSCII